Пра дзясятую гадавіну смерці Кім Чэн Іра



Беларусы адзначаюць Каляды і Новы год. А вось жыхарам Паўночнай Карэі не да святаў. У снежні ўся краіна была ў смутку: 10 гадоў таму памёр Кім Чэн Ір, бацька цяперашняга кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына і сын заснавальніка Паўночнай Карэі Кім Ір Сэна. Увогуле ў Паўночнай Карэі прэзідэнтаў за гэтае і мінулае стагоддзе было малавата. Як стаў Кім Ір Сэн прэм’ерам у 1948 годзе, а ў 1972 годзе прэзідэнтам, так з тых часоў Кімы і кіруюць Паўночнай Карэяй. І ніхто болей акрамя іх кіраўнікамі краіны не становіцца.

Падавалася, ну памёр і памёр. Няхай ягоныя родныя яго і ўзгадваюць у сваім коле. Аднак не, дні смутку авбясцілі па ўсёй краіне. Прычым калі смутак, дык з усімі абавязкамі. То бок жыхарам Паўночнай Карэі нельга было адзначаць дні народзінаў, піць алкаголь і нават смяяцца на вуліцах. Сачыць за тым, каб увесь народ быў у жалобе, мусілі адмыслова створаныя падраздзяленні паліцыі. Вось уяўляеце, кашлянуў выпадкова на вуліцы, а іншыя падумалі, што засмяяўся. І ўсё: забяруць у невядомым накірунку і ніхто цябе болей не ўбачыць. Як гэта яшчэ ўсё насельніцтва КНДР плакаць масава ўсіх не прымусілі! Сапраўды, якія навагоднія радасці, калі ў краіне ажно 10 гадоў таму памёр кіраўнік. Тут трэба ўсім смуткаваць, а не адзначаць святы.    

Беларускае Радыё РАЦЫЯ