Апублікаваны новы Падатковы кодэкс Беларусі



На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале гэтым ранкам афіцыйна апублікавалі абноўлены Падатковы кодэкс Беларусі. Частка яго палажэнняў набыла моц з 1 студзеня.

Сярод новаўвядзення новы падатак на прафесійны даход. Плаціць яго павінны фізічныя асобы, якія не маюць наймальнікаў і не прыцягваюць да працы іншых фізічных асобаў.

Уводзіцца камеральная праверка адпаведнасці выдаткаў прыбыткам і падвышаны падаходны падатак для тых, што «жыве не па сродках»: калі выдаткі чалавека перавысяць даходы на 500 базавых велічынь (цяпер базавая велічыня — 32 рублі), у яго патрабуюць тлумачэння аб крыніцах даходаў. Калі растлумачыць паходжання грошай вы не змаглі, з гэтай сумы трэба будзе заплаціць павышаны падаходны падатак (не звыклыя 13%, а 20%).

Стаўкі адзінага падатку павялічваюцца, а сферы дзейнасці моцна скарачаюцца. Спрошчаная сістэма падаткаабкладання будзе прымяняцца толькі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не вылічаюць ПДВ.

З’явіўся падатак для агароднікаў і грыбнікоў. Адмяняецца льгота на выплату падатку на нерухомую маёмасць за кватэры ў шматкватэрных дамах.

Павялічаныя стаўкі акцызаў і адзінага падатку. Так, стаўка адзінага падатку за здачу ў наём фізічнымі асобамі жылых памяшканняў складзе 36,8 рубля (+4 рублі) у Менску за адзін пакой, у абласных цэнтрах — 34,5 рубля.