Колькасць грузавікоў на мяжы з Еўразвязам за мінулыя суткі павялічылася
Колькасць грузавікоў на мяжы з Еўразвязам за мінулыя суткі павялічылася. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.
Найбольшая колькасць фураў фіксуецца ў напрамку літоўскага „Шальчынінкая” (з беларускага боку гэта памежны пераход „Беняконі”). Цяпер тут знаходзяцца каля 300 грузавікоў. Перад пунктам пропуску „Відзы” чакаюць больш за 50 вялікагрузаў, „Каменны Лог” – больш за 160, „Прывалка” – больш за 280 фур. На маршруце руху праз „Катлоўку” -„Лаварышкес” па стане на 16 гадзін па беларускім часе стаяць 30 фур.
На польскім напрамку перад пунктам пропуску „Бераставіца” выезду чакаюць больш за 210 фур, у „Казловічах” – звыш 50. Ніводзін з польскіх памежных пераходаў не выканаў дамоўленасці па пропуску вялікагрузаў на сваю тэрыторыю, што прывяло да вялікай колькасці транспарту, – скардзяцца беларускія памежнікі.
Пункт пропуску „Кузніца Беластоцкая” застаецца закрытым ужо каля двух месяцаў, што знізіла прапускную здольнасць усяго напрамку, а таксама павялічыла нагрузку на іншыя маршруты накіравання ў Еўразвяз.
На беларуска-латвійскай мяжы перад пунктам пропуску „Урбаны” сабралася больш за 80 грузавікоў.
Беларускае Радыё Рацыя