Leroy Merlin ліквідуе юрыдычную асобу ў Беларусі
Міжнародная сетка будаўнічых крамаў Leroy Merlin ліквідуе сваю юрыдычную асобу ў Беларусі, піша Office Life.
Кампанія «Леруа Мерлен Бел» была зарэгістраваная ў Менску ў 2015 годзе, але ніводнай крамы не адкрыла.
Leroy Merlin у Беларусі рыхтаваўся да адкрыцця гіпермаркета ў Ждановічах, аднак у лістападзе стала вядома, што будаўніцтва магазіна прыпынілі. Прычына – эканамічныя наступствы пандэміі і змены прыярытэтаў кампаніі, было вырашана засяродзіцца на праектах у Расеі і Казахстане. На будаўнічай пляцоўцы ў Ждановічах зроблена толькі бетоннае аснаванне пад будынак гіпермаркета.
Сетка Leroy Merlin – частка GROUPE ADEO, найбуйнейшага ў Еўропе рытэйлера сектара DIY. У Leroy Merlin ёсць больш за 460 крам у 14 краінах. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Францыі.
Рашэнне аб адкрыцці гіпермаркета ў Менску кампанія прыняла ў 2018 годзе.