Палёты з Літвы прыпыненыя па 20 кірунках



Авіякампаніі з Літвы прыпыняюць палёты па 20 кірунках да лютага. Прычына: распаўсюджванне «амікрон»-штаму каронавіруса ў Еўропе і ўвядзенне дадатковых абмежаванняў на прыём турыстаў.

Кіраўнік аддзела авіяцыйных паслуг аэрапортаў Літвы Аурымас Стыклюнас удакладняе, што паколькі Вялікабрытанія і Ізраіль прад’яўляюць строгія патрабаванні да замежных турыстаў, то пасажырапаток па гэтых напрамках скараціўся і палёты сталі камерцыйна нерэнтабельнымі.

Пакуль захоўвае палёты ў Вялікую Брытанію польская авіякампанія LOT, паведамляе officelife.media.

Літоўскія аэрапорты паведамляюць, што ў студзені Wizz Air прыпыняе палёты з Вільні ў Ерэван, Білунд, Тэль-Авіў, Бірмінгем, Данкастэр, Ліверпуль, Белфаст і Львоў. Air Baltic адмаўляецца ад пералётаў у Дублін, а Ryanair – у Білунд, Тэль-Авіў, Бірмінгем, Лідс, Ліверпуль і Харкаў. Norwegian Air Shuttle не будзе лятаць у Берген, Стакгольм і Брэмен.

З Коўна Ryanair адмяніла рэйсы ў Ольбарг, Брыстоль, Ліверпуль, Манчэстэр, Хельсінкі, Гётэборг і Стакгольм. Wizz Air і Ryanair адклікалі рэйсы ў Лондан з аэрапорта Палангі.