Казахстан: пратэсты па ўсёй краіне



 Віцэ-мэр Алматы заявіў пра пачатак у горадзе «антытэрарыстычнай аперацыі» і вызваленне аэрапорта. Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў паведаміў, што дэсантнікі Мінабароны ўступілі ў бой каля Алматы. Перад тым Такаеў узначаліў Раду бяспекі замест экс-прэзідэнта Нурсултана Назарбаева і паабяцаў дзейнічаць «максімальна жорстка».

Таксама сёння Лукашэнка правёў тэлефонныя размовы з кіраўнікамі Расеі і Казахстана. Пасля гэтага Такаеў звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаваў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) з просьбай аказаць дапамогу ў пераадоленні «тэрарыстычнай пагрозы». Як вядома, у АДКБ уваходзяць Расея, Беларусь, Арменія, Кіргізстан, Таджыкістан і Казахстан.

* * *

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў папрасіў дапамогі ў АДКБ. Як паведамляе „Эхо Москвы” гаворка ідзе пра ўзгадненне прыбыцця сілавікоў з Расеі і Беларусі для падаўлення пратэстаў.

Такаеў назваў падзеі ў Казахстане «знешняй агрэсіяй».

* * *

На ўсёй тэрыторыі Казахстану ўведзенае надзвыйчайнае становішча. Пра гэта паведаміў тэлеканал «Мир-24». Раней прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў увёў на два тыдні рэжым надзвычайнага становішча ў Мангыстаўскай і Алматынскай абласцях і ў гарадах Алматы і Нур-Султан. Да прэзідэнцкага палацу ў Нур-Султане сцягнутыя дадатковыя падраздзяленні паліцыі.

Фота: inforeactor.ru

Агенцтва ТАСС са спасылкай на відавочцаў паведамляе пра заняцце пратэстоўцамі мясцовай управы Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў Алматы.

У Казахстане быў цалкам адкючаны інтэрнэт, але цяпер «Казахтэлекам» уключыў правадны інтэрнэт у некаторых рэгіёнах, у тым ліку ў Актаў. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы пад спевы нацыянальнага гімну знеслі помнік Нурсултану Назарбаеву.

Фота: t.me/kaztag_tg

Пратэстоўцы ў Алматы спрабуюць захапіць Аўэзаўскі РАУС. Сілавікі знаходзяцца на даху, адстрэльваюцца і ўжываюць святлашумавыя гранаты. Раней у гэтым самым раёне ў Алматы пратэстоўцы падпалілі будынак аддзялення кіруючай партыі «Нур Атан». Пратэстоўцы занялі ў Алматы будынак мясцовай адміністрацыі, рэзідэнцыю прэзідэнта й міжнародны аэрапорт. Пачаліся забастоўкі: спынілі вытворчасць металургічныя заводы ў горадзе Балхаш, а таксама нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз». Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Між тым, генерал-маёр ВПС, першы казахстанскі касманаўт Тактар Аўбакіраў у тэлеэфіры сказаў пра тое, што Казахстан павінен звярнуцца па дапамогу да АДКБ, калі не спраўляецца з прыдушэннем рэвалюцыі ўласнымі сіламі.

* * *

Еўразвяз заклікаў бакі канфлікту ў Казахстане ўстрымлівацца ад эскалацыі гвалту.

Фота: capitalfm.co.ke

„Прызнаючы права грамадзян на мірны пратэст, Еўразвяз чакае, што яны ўстрымаюцца ад гвалту або заклікаў да яго”, – гаворыцца ў заяве ЕЗ. – „Таксама Еўрапейскі Звяз заклікае ўлады паважаць фундаментальнае права на мірны пратэст і прапарцыйна прымяняць сілу пры абароне сваіх законных інтарэсаў у сферы бяспекі”.

Таксама ў ЕЗ заклікалі да мірнага вырашэння канфлікту.

* * *

Нурсултан Назарбаеў пакідае пасаду старшыні Рады бяспекі Казахстана. Прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў у экстараным звароце 5 студзеня на казахскім ТБ заявіў, што з сённяшняга дня будзе ўзначальваць Раду бяспекі краіны, якую да гэтага ўзначальваў першы прэзідэнт Казахстана Назарбаеў.

Такаеў таксама заявіў , што падчас пратэстаў у Казахстане ўжо загінулі некалькі сілавікоў.

* * *

Аператар Казахтэлекам адключыў інтэрнэт ва ўсёй краіне. Пра гэта сведчыць сэрвіс маніторынгу блакаванняў Global Check.

Графіці са словамі „Уключы інтэрнэт” з’явіліся на сценах будынкаў у Менску ў канцы жніўня 2020 года

Паводле інфармацыі сэрвісу Global Check, інтэрнэт не працуе як у мабільных, так і ў правадных аператараў.

«Sputnik Казахстан» паведаміла, што яго карэспандэнта ў Алматы каля гадзіны ўтрымлівалі мітынгоўцы, якія захапілі офісы на плошчы Рэспублікі. РІА «Новости» адзначае, што памяшканні рэдакцый тэлеканалаў у Алматы разгромленыя пратэстоўцамі.

Між тым, МЗС Расеі падтрымаў прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева, але пры гэтым не асудзіў пратэстоўцаў і назваў законнымі некаторыя іх патрабаванні. „Выступаем за мірнае вырашэнне ўсіх праблем у рамках канстытуцыйна-прававога поля і дыялог, а не праз вулічныя беспарадкі і парушэнне законаў. Менавіта на гэта накіраваныя крокі прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Касым-Жамарта Такаева па стабілізацыі сітуацыі, аператыўнаму вырашэнню існуючых праблем, у тым ліку тых, якія ўтрымліваюцца ў законных патрабаваннях пратэстоўцаў”, — гаворыцца ў заяве МЗС Расеі.

Фота: ratel.kz

Паводле ВВСrian_ru

***

У Жанаэзене пратэстоўцы патрабуюць вярнуць Казахстан да Канстытуцыі 1993 года.

Прыблізна апоўдні менскага часу пратэстоўцы занялі сядзібу рэгіянальных уладаў Алматы — акімат. Сілавікі пакінулі плошчу перад акіматам.

У Актабэ пратэстоўцы спрабавалі прарвацца ў акімат. Паліцыя прымяніла слёзацечны газ. Людзі, якія прастаялі ноч перад абласным акіматам, днём 5 студзеня разбілі вокны будынка і паспрабавалі прарвацца ўсярэдзіну, у гэты момант сілавікі выкарыстоўвалі спецсродкі для разгону.

У Жанаэзене 2 студзеня пачаліся сёлетнія пратэсты, якія затым ахапілі іншыя гарады ў Казахстане.

***

У Актабе, Актаў, Жанаазене і іншых гарадах Казахстана раніцай 5 студзеня працягнуліся пратэсты, якія пачаліся 2 студзеня з-за рэзкага росту коштаў на газ.

Фота: dailystorm.ru

Як паведамляе тэлеграм-канал незалежнага выдання Orda.kz, у Алматы пратэстоўцы ўначы праніклі ў будынак мясцовай адміністрацыі. Пазней, мяркуючы па відэа відавочцаў, будынак быў ачэплены вайскоўцамі. Вайскоўцы таксама з’явіліся на пад’ездах да аэрапорта.

На роліках, якія размяшчаюцца відавочцамі, відаць, як натоўпы людзей рухаюцца па вуліцах горада. Некаторыя перамяшчаюцца на спецтэхніцы паліцыі, якая, верагодна, была захоплена ноччу.

Як перадае карэспандэнт „Інтэрфакса”, у цэнтры Алматы аднавіліся сутыкненні ўдзельнікаў акцый пратэсту з паліцыянтамі. Супрацоўнікі паліцыі прымяняюць да дэманстрантаў спецсродкі, адзначае РІА Новости. Пратэстоўцы збілі некалькіх паліцыянтаў.

У Алматы, дзе з ночы 5 студзеня дзейнічае рэжым надзвычайнага здарэння, не працуе грамадскі транспарт. Мясцовыя жыхары якія жывуць за горадам, раніцай не маглі ўехаць у горад, паколькі іх машыны разгортвалі на пад’ездзе.

***

Прэзідэнт прыняў адстаўку ўрада і ўвёў рэгуляванне коштаў на газ.

Фота:  AP Photo/Vladimir Tretyakov

А 6-й раніцы па казахскім часе прэзідэнт Казахстана Касым Жамарт-Такаеў прыняў адстаўку ўрада. Чальцы ўраду працягнуць выкананне сваіх абавязкаў да зацвярджэння новага складу кабміну.

Таксама Такаеў даручыў увесці дзяржрэгуляванне коштаў на сацыяльна значныя тавары, а таксама на звадкаваны газ і бензін на 180 дзён. А таксама даручыў правесці расследаванне на прадмет цэнавай змовы ў газавай сферы.

„Палітычны і сацыяльна-эканамічны лад Казахстана не зменіцца”, – заявіў Такаеў.