У Пінску працягваюцца допыты
У Пінску сілавікі працягваюць выцягваць на допыты грамадзян, якія могуць з’яўляцца патэнцыйнымі фігурантамі гучнай “Пінскай справы”. Літаральна напрыканцы снежня матэрыялы ў дачыненні да 23-х гадовага пінчука ўжо перадалі ў суд. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў стыхійным мітынгу ў першы паслявыбарчы вечар.
Справу завершаць тады, калі колькасць асуджаных хоць напалову набліжацца да афіцыйнай лічбы пацярпелых міліцыянтаў, – гаворыць праваабаронца Алесь Рамановіч:
– Яны шукаюць людзей і цікавяцца, што можа дзесьці з’явіцца новая відэа ці фота, каго апазнаюць. Думаю, што яны тут не спыняліся працаваць, таму што параўнаць колькасць тых міліцыянтаў, якія быццам пацярпелі і параўнаць колькасць людзей, якія асуджаныя, то відавочна, што яны будуць яшчэ працаваць, каб павялічылася колькасць асуджаных.
Па версіі следства, у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года ў выніку сутычак з дэманстрантамі пад будынкам Пінскага гарадскога выканкама пацярпела 109 міліцыянтаў. За тыя падзеі ўжо асуджана 26 пінчукоў на тэрміны ад 3,5 да 6,5 гадоў зняволення.
Беларускае Радыё Рацыя