Пра шансы на перамогу ў казахстанскага народу



Пратэсты ў Казахстане сталі сюрпрызам хіба што для тых, хто не сільна адсочвае палітычную сітуацыю ў гэтай цэнтральнаазіяцкай краіне. Канфлікт у Казахстане паміж прадстаўнікамі клану Назарбаева і народам тлее дзесяцігоддзямі, час ад часу здараюцца эксцэсы кшталту расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Жанаазэне ў 2011 годзе. Але, як і ў выпадку з Беларуссю ўзору 2020 году, нечаканасцю стаў маштаб народнага бунту, які аднамомантна ахапіў многія гарады Казахстану. З Казахстану цяпер прыходзяць шматлікія паведамленні і відэасюжэты пра тое, як праваахоўнікі і вайскоўцы пераходзяць на бок пратэстоўцаў. Ці, прынамсі, не надта ім перашкаджаюць у справе захопу ўрадавых будынкаў. Прычынай такіх паводзінаў сілавікоў з’яўляюцца, відавочна, не пацыфісцкія настроі, якія раптам ахапілі людзей у форме, колькі рашучасць масаў.

У адказ улады дзейнічаюць стандартнымі метадамі: светлашумавыя гранаты, адключэнне Інтэрнэту і нават мабільнай сувязі. У дадзены момант гаварыць пра тое, што мы валодаем у поўнай меры аператыўнай інфармацыяй па Казахстане не выпадае. Але ёсць некалькі ўскосных доказаў таго, што псіхалагічны пералом у сітуацыі наступае. Па-першае, факты пераходу сілавікоў на бок народу. Па-другое, кантроль пратэстоўцаў над шэрагам адміністрацыйных будынкаў і офісаў галоўнай праўладнай партыі. Па-трэцяе, масавыя ўцёкі прадстаўнікоў афіцыйных элітаў з краіны. Згодна інфармацыі рэсурса Flightradar, за апошнія суткі Казахстан пакінулі больш за дзясятак прыватных самалётаў, якія належаць колу прыхільнікаў экс-прэзідэнта Нурсултана Назарбаева. Такім чынам, казахстанскі народ знаходзіцца на фінішнай прамой у сваім змаганні і мае ўсе шансы на перамогу над рэжымам Назарбаева і ягонага пераемніка Такаева.

У сітуацыі са студзеньскай рэвалюцыяй у Казахстане зусім не важная першапрычына канфлікту. Не падаражанне цаны на газ справакавала масавыя выступленні. Адказ на пытанне ляжыць у самым папулярным лозунге казахстанскай рэвалюцыі — “Шал, Кет!” Гэта ў перакладзе на беларускую азначае “Дзед, сыходзь!” То бок, мы бачым рэакцыю грамадства на шматгадовы аўтарытарызм клану Назарбаева, які і пасля 30-гадовага панавання фактычна застаўся ва ўладзе, паставіўшы намінальным прэзідэнтам свайго чалавека і пакінуўшы ў руках лейцы кіравання. І гэта кепская навіна для постсавецкіх аўтакратаў, якія ўтрымліваюць уладу праўдамі і няпраўдамі цягам дзесяцігоддзяў. Рана ці позна рэзерв трывання нават у самага церпялівага народу сканчваецца, што і прыводзіць да бунтаў розных маштабаў.

Для Беларусі падзеі ў Казахстане важныя сама меней з дзвюх прычынаў. У выпадку перамогі народу ў Казахстане, які, відавочна, не задаволены прапанаванай мадэллю транзіту ўлады Назарбаева, і з якой бралі прыклад беларускія распрацоўшчыкі новай Канстытуцыі, само правядзенне рэферэндума ў Беларусі ў лютым ставіцца пад вялікае пытанне. Не выключана, што ўлада ў Беларусі проста адмовіцца ад несвоечасовага рэферэндуму. Акрамя гэтага, як мы бачым на прыкладзе Казахстана, колькі б канстытуцыйных механізмаў і розных фокусаў не прыдумвалі дыктатары дзеля свайго ратавання, калі народ супраць, то ніякія імітацыйныя і палавінчатыя рашэнні хвалю абурэння грамадзянаў не спыняць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ