Пра найлепшае жыццё ў найлепшай краіне



У Беларусі цяпер такое жыццё, што гаварыць можна толькі пра станоўчае. Асабліва пра некаторых людзей. І ніякай крытыкі ў бок уладаў. Вы што! Якая крытыка! Яны ж суткамі толькі пра нас клапацяцца. Калі б не яны, то зямля б ужо даўно паляцела б у тартарары. А так нашыя ратавальнікі-ўлады не даюць нам пайсці не на той шлях і, як тыя пастухі, паказваюць усім беларусам правільны шлях. Зразумела, правільны з іх кропкі гледжання. Мы ж гэты правільны шлях самі знайсці не можам. Куды нам! Таму, калі вам падаецца, што штосьці не так. Гэта вам толькі падаецца.

Улады Беларусі ў лепшых традыцыях Кім Чэн Іна і іншых Кімаў ведаюць, куды вясці свой народ. А народу трэба толькі дзякаваць. А самае галоўнае, не чытаць няправільных навінаў, не адкрываць няправільныя сайты і не ўсталёўваць няправільныя праграмы. І таму ў новым 2022 годзе ў Беларусі найлепшыя законы, найлепшая эканоміка, найлепшая адукацыя і найлепшыя чыноўнікі, якія гавораць толькі найлепшыя словы. А мы ўсе – найшчаслівейшы народ, які жыве ў найлепшай краіне з найлепшымі ўладамі. А калі вы скажыце інакш, то самі ведаеце, што за гэта будзе. А пра некаторыя гістарычныя падзеі ўвогуле лепей маўчаць, бо скажаш не тое і атрымаеш 10 год зняволення. Карацей, цяпер у нас, як пра нябожчыка, трэба альбо маўчаць, альбо толькі добрае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ