Выйшла з друку студэнцкая “Альтанка”



У Менску свет пабачыў другі выпуск паэтычнага альманаху “Альтанка”.

Альманах знаёміць чытачоў з паэтычнай творчасцю студэнтаў філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, якіх аб’ядноўвае літаратурны гурток “Альтанка”. Вершы маладых аўтараў прасякнуты рамантычнасцю і лірызмам, пачуццямі любові да беларускага краю, роднай мовы, хараства свету, перадаюць непасрэдныя ўражанні і назіранні, увасабляюць жыццёва важныя сэнсы і ідэалы. Сярод аўтараў – маладыя паэты Алеся Адамовіч, Мікіта Варанцоў, Дар’я Вячэрка, Ксенія Вярынская, Аліна Данілава, Настасся Макоўчык, Яўгенія Пракапчук, Марыя Пятрэнка, Вікторыя Чарнуха, Марыя Шкляр і іншыя.

Прадмову да выдання напісаў доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі. Выхад “Альтанкі” прымеркаваны да 100-годдзя БДУ і 90-годдзя з дня нараджэння былога дэкана філалагічнага факультэта БДУ, прафесара Алега Лойкі. Дарэчы, першы выпуск “Альтанкі” быў надрукаваны ў 2011 годзе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя