Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ВТА-500 у Адэлаідзе
Вікторыя Азаранка (27-ы нумар рэйтынгу ВТА) перамагла ў матчы 1/8 фіналу турніру ВТА-500 у аўстралійскай Адэлаідзе. Беларуска супернічала з прадстаўніцай Аўстраліі Прысцылай Хон (263 ВТА) і перамагла з лікам 6:3, 7:5. У чвэрцьфінале Азаранка 7 студзеня згуляе з полькай Ігай Швёнтэк (9 ВТА).
Аляксандра Сасновіч (107-ы нумар рэйтынгу ВТА) перамагла ў матчы 1/8 фіналу турніру ВТА-250 у аўстралійскім Мельбурне шведку Рэбеку Петэрсан (88 ВТА). Гульня завяршылася з лікам 6:2, 6:4
Яшчэ адзін беларус Ягор Герасімаў (113 АТП) выйшаў у 1/4 турніру ў Адэлаідзе. Наш суайчыннік супернічаў з прадстаўніком Італіі Джанлукам Магерам (62 АТП) і перамог – 6:1, 3:6, 6:3.
Новаку Джокавічу адмовілі ва ўездзе ў Аўстралію
Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч атрымаў адмову ва ўездзе ў Аўстралію. Ён правёў больш за сем гадзін у аэрапорце Мельбурна пасля прылёту для выступлення на Australian Open. Указана, што віза Джокавіча была анулявана. Памежная служба адзначыла, што серб не падаў доказаў, неабходных для ўезду ў Аўстралію. На гэты момант першая ракетка свету павінен пакінуць краіну ў найбліжэйшыя суткі. Адвакат спартоўца абскарджвае рашэнне аб дэпартацыі. Перад вылетам з Сербіі Джокавіч паведаміў, што атрымаў медыцынскае выключэнне для ўдзелу ў Australian Open. Для паездкі ў Аўстралію ўсім замежнікам неабходна прышчэпка вакцынай з зацверджанага спісу або пацверджаны медадвод. 34-гадовы серб з’яўляецца 9-разовым і дзейным чэмпіёнам Australian Open
Міхаіл Казлоў і Аляксей Бутарэвіч працягнулі кантракты з менскім „Дынама”
Паўабаронцы Міхаіл Казлоў і Аляксей Бутарэвіч працягнулі кантракт з менскім „Дынама”. Пра гэта паведамляе сайт клуба. Казлоў далучыўся да каманды ў снежні 2019 года. За два сезоны гулец правёў 47 гульняў у складзе „бела-галубы”, у якіх забіў два мячы і аддаў тры галявыя перадачы. Бутарэвіч стаў гульцом менскага „Дынама” 9 ліпеня 2020 года. Мінулы сезон правёў у арэндзе, у ФК „Слуцк”, дзе прыняў удзел у 26 матчах і адзначыўся пяццю галамі і адной галявой перадачай.
Вызначаны паўфінальныя пары Кубка Беларусі па міні-футболе
У менскім Доме футбола прайшло лёсаванне паўфінальных пар розыгрышу Кубка Беларусі па міні-футболе. Сапернікам цяперашняга ўладальніка Кубка краіны гомельскага ВРЗ у матчы за выхад у фінал будзе „Барысаў-900”. У чвэрцьфінале гамяльчане аказаліся мацнейшымі за чэмпіёна Беларусі аршанскі „Вітэн”, а барысаўчане перайгралі сталічнае „Дынама-БНТУ”. У другім паўфінале яшчэ адзін гомельскі клуб – БЧ сустрэнецца з гарадзенскім „УУС-Дынама”. У чвэрцьфінальных сустрэчах БЧ двойчы перамог светлагорскі ЦКК, а гродзенская каманда выйграла ў спартоўцаў „Менска”.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя