Да 2025 года рэканструююць і мадэрнізуюць Жыровічы



Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр на Слонімшчыне з’яўляецца галоўнай духоўнай каштоўнасцю праваслаўных вернікаў на Беларусі. Па загадзе Аляксандра Лукашэнкі да 2025 года павінны ўпарадкаваць не толькі Жыровіцкі манастыр і яго тэрыторыю, але і ўсю вёску Жыровічы. Гэты загад ужо пачалі выконваць Гарадзенскі аблвыканкам, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама слонімскія чыноўнікі.  

У план рэканструкцыі і мадэрнізацыі Жыровіцкага манастыра і саміх Жыровічаў уваходзіць 29 аб’ектаў, якія неабходна будзе адрамантаваць і рэканструяваць. На рэалізацыю ўсяго плана будзе накіравана звыш 60 мільёнаў беларускіх рублёў.

Перш за ўсё будзе рэканструяваны Свята-Успенскі сабор. Заменяць усе інжынерныя збудаванні і камунікацыі, установяць сучаснае інжынерна-тэхнічнае абсталяванне, з’явіцца архітэктурнае асвятленне храма. Будуць рэканструяваны Яўленская, Крыжаўзвіжанская і Георгіеўская цэрквы, устаноўлена званіца на тэрыторыі манастыра, мадэрнізуюцца гаспадарчыя пабудовы, крыніцы, а таксама былая сядзіба Старыя Жыровічы.

Змяненні чакае і сама вёска Жыровічы. У першую чаргу будуць адрамантаваны фасады карпусоў Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа і мясцовага Дома культуры. Рамонты адбудуцца ў яслях-садзе, школе, участковай бальніцы. Будзе мадэрнізавана цэнтральная плошча Жыровічаў, рэканструяваны сістэмы водазабяспячэння і каналізацыі, упарадкаваны вуліцы і дваровыя тэрыторыі.

Беларускае Радыё Рацыя