Павел Латушка: Уводзіць замежныя войскі – гэта інтэрвенцыя



Лідар Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка пра сітуацыю ў Казахстане.

РР: Ці чакалі, што ў Казахстане такія падзеі выбухнуць?

– Я думаю, што вы маеце рацыю, калі кажаце, што ніхто не чакаў такіх падзей, якія адбываліся і адбываюцца зараз у Казахстане. Гэта было нечаканасцю з пункту гледжання ўнутранай палітычнай сітуацыі ў Казахстане і знешнепалітычнага раскладу на постсавецкім абшары. Я думаю, што гэтая сітуацыя сімптаматычная тым, што мы бачым на нашых вачах, што дзеецца з дыктатарскімі рэжымамі на постсавецкім абшары. Перадусім гэта тое, што пачалося ў Беларусі ў жніўні 2020 года, працягваецца зараз у Казахстане ў 2022. Тое, што будзе адбывацца – гэта, як домік, які будзе сыпацца, муры, якія будуць разбурацца. Яны напэўна рухнуць, бо тое, што створана на постсавецкім абшары на працягу дзесяцігоддзяў – 30-ці год, дыктатарскія аўтарытарныя рэжымы, калі адбываецца галоўнае – змена ўлады, калі народ пазбаўлены права суб’ектнасці, суб’ектнасці вырашаць свой лёс, абіраць уладу і вырашаць, хто будзе кіраваць гэтай ці іншай краінай. Вось гэта тое, што адбываецца ў нас на вачах. Гэта ўсё пачынае рушыцца, гэта ўжо працэс, які немагчыма перапыніць.

РР: Нехта пралічыўся, не зразумеў актуальную палітычную сітуацыю?

– Мы бачылі, што Назарбаеў пайшоў транзітным шляхам і прадугледжвалася, што гэта будзе адбывацца эвалюцыйна, што ён адышоў ад улады, частку паўнамоцтваў перадаў Такаеву – прэзідэнту Казахстана, што гэта зразумеючы яго вагу на постсавецкім абшары, былога першага старшыні ЦК партыі, ён сведак гістарычных падзей – распаду Савецкага Саюзу. Вялікі ўплыў у Казахстане і ўвогуле шырокія кантакты не толькі на постсавецкім абшары і Еўропе. Гэта ўсё давала магчымасць яму з аднаго боку заставацца ўплывовай асобай, а з іншага боку паціху нібыта адмаўляцца ад улады. Але, як мы пабачылі, што ўсе гэтыя транзіты не спрацоўваюць. З’яўляюцца новыя эліты, з’яўляецца, як у гэтым выпадку прэзідэнт Такаеў. Хто б зараз не спрабаваў растлумачыць нам, што гэта была згода Назарбаева, што гэта ўсё было зроблена натуральна, не, абсалютна не. Такаеў захацеў большай улады, прынцыпова сваёй улады і не хоча ні з кім дзяліцца, і з Назарбаевым. Гэта ўсё пераўтварылася ў тыя жудасныя падзеі, якія адбыліся ў Казахстане.

РР: Увёўшы войскі ў Казахстан Беларусь пры Лукашэнку стала яшчэ і краінай-агрэсарам?

– Калі можна перацытаваць Лукашэнку, то я б хацеў паціснуць руку таму беларусу, які яшчэ верыць гэтаму чалавеку, які саманазваўся прэзідэнтам краіны, які хлусіць кожнага дня. Ён робіць гэта толькі дзеля сваіх уласных, прыватных інтарэсаў. Што тычыцца гэтай сітуацыі з беларускімі вайскоўцамі на тэрыторыі Казахстана, то фактычна Лукашэнка парушыў сацыяльную дамову, якая была падпісана паміж беларускім грамадствам і ўладамі яшчэ напачатку 90-х. Што ніколі беларускія вайскоўцы не будуць прымаць удзел у ніякіх канфліктах па-за межамі Беларусі. Накіроўваючы свае войскі, менавіта свае войскі, не беларускія войскі, у Казахстан, фактычна ён парушыў гэтую сацыяльную дамову. Ён паставіў перад рызыкай жыццё і здароўе грамадзян Беларусі. Ён робіць прэцэдэнт, які можа ўцягваць яшчэ больш і ў далейшым беларускіх вайскоўцаў у разнастайныя канфліктныя сітуацыі. Зразумела, што калі гэта ўсё падаецца ў рамках дамовы пра калектыўную бяспеку, то ўсе міжнародныя спецыялісты, юрысты ў галіне міжнароднага права кажуць пра прамое парушэнне гэтай дамовы АДКБ. Войскі магчыма накіроўваць толькі ў той сітуацыі, калі ёсць агрэсія з боку трэцяй краіны. Пасол Казахстана ў Маскве сказаў, што ніякай агрэсіі з боку трэцяй краіны ў Казахстан не ажыццяўляецца. Прабачце, пасол Казахстана ў Маскве не ведае, што робіць яго прэзідэнт? Тут хлусня, тут абсалютнае парушэнне міжнароднага права, міжнародных дамоўленасцяў. Не выконваюць яны і міратворчых функцый, бо няма агрэсіі, няма канфлікту, дзе патрэбныя міратворцы. Гэта народ, які ўстаў супраць дыктатарскай улады. Ёсць сілы, якія спрабавалі гэта скарыстаць у негатыўным сцэнары, тут не будзем таксама сябе падманваць, але ўсё ж такі перадусім людзі выступілі супраць гэтай улады. Уводзіць замежныя войскі – гэта інтэрвенцыя. Гэта парушэнне міжнароднага права. Лукашэнка хутчэй за ўсё быў тут адным з ініцыятараў, бо ён хоча паўтарыць такі сцэнар у Беларусі. Ён задаволены, ён шчаслівы, ён выглядае, як чалавек, як кіраўнік супердзяржавы. Ён вырашае лёсы краінаў, народаў. Ён зараз рвецца паехаць у Казахстан, каб паказаць, які ён уплывовы чалавек. Гэта ўсё гульня, гульня жыццямі людзей, гульня толькі для сваёй карысці.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя