Агляд прэсы: жорсткасць падаўлення



ЕЗ працягвае санкцыі супраць Беларусі. Казахстан: што важна для Масквы? Польшча: кіруючая партыя праслухоўвала тэлефоны апазіцыянераў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У снежні Еўрапейская Рада прыняла свой пяты пакет санкцый супраць Беларусі — крок Еўразвязу ў знак пратэсту супраць «працягу парушэння правоў чалавека і інструменталізацыі мігрантаў». Палітыкі і аналітыкі ведаюць, што самі па сабе санкцыі наўрад ці зрынуць рэжым або прымусяць Лукашэнку паводзіць сябе лепш у адносінах да сваіх грамадзян. Гэтыя санкцыі патэнцыйна сігналізуюць беларусам аб тым, што ЕЗ каардынуе сваю знешнюю палітыку, цікавіцца Беларуссю, асуджае парушэнні правоў чалавека і падтрымлівае дэмакратычныя прынцыпы. Але як беларусы трактуюць гэты сігнал?», – задаецца пытаннем амерыканская газета The Washington Post.

Выданне адзначае, што Лукашэнка адказаў на санкцыі шасцімесяцовай забаронай на імпарт ялавічыны і іншых прадуктаў харчавання з асобных краін ЕЗ і ЗША з 1 студзеня, асудзіўшы сумесны план санкцый ЕЗ, ЗША, Канады.

«У чэрвеньскім апытанні 42 працэнты рэспандэнтаў-беларусаў палічылі санкцыі ЕЗ важнымі. Свежае апытанне напрыканцы 2021 году выявіла выразны раскол у дачыненні да санкцый ЕЗ: каля 40 працэнтаў выказаліся супраць іх, а 36 працэнтаў выказалі сваю падтрымку. Яшчэ 20 працэнтаў не ведалі, як адказаць на пытанне, і каля 5 працэнтаў адмовіліся адказваць. Гэта дазваляе казаць пра тое, што многія ў Беларусі могуць лічыць санкцыі менш важнымі цяпер, калі беларускі аўтарытарны рэжым, здаецца, кансалідаваў уладу», – падкрэслівае The Washington Post.

***

На фоне масавых хваляванняў, якія ўспыхнулі ў Казахстане, у краіну прыбылі першыя падраздзяленні так званых міратворцаў АДКБ, якія ўзначальваюцца Расеяй. Аднак, як зазначае шэраг аглядальнікаў, гэтая акцыя зусім не з’яўляецца прыкметай сілы.

«Крэмль сутаргава спрабуе захаваць свой уплыў у былых савецкіх рэспубліках», – адзначае аўстрыйская газета Der Standard.

«Расея накіравала ў Казахстан дэсантнікаў. За імі, па ўсёй верагоднасці, рушаць услед падраздзяленні паліцыі і грамадзянскія эксперты па пытаннях «прымірэння». Вельмі хуткая рэакцыя на хваляванні ў суседняй краіне. Аднак менавіта гэтым Крэмль рызыкуе ператварыць шматлікіх казахаў у ворагаў Расеі. І перш за ўсё ў тым выпадку, калі вайскоўцы будуць страляць у пратэстуючых. Праз прыспешванне дапамогі прэзідэнту Касыму-Жомарту Токаеву, Крэмль дэманструе, што яму важна (як, зрэшты, і ў Сірыі і ў Беларусі): утрыманне ўлады мясцовымі элітамі, захаванне маскоўскага мікракосмасу на гэтай тэрыторыі, іншымі словамі – спакой любой цаной. Гэта Крамлю, мяркуючы па ўсім, куды важней, чым імкненне да свабоды, дабрабыту ці незалежнасці», – папярэджвае аўстрыйскае выданне.

***

Як стала вядома, падчас парламенцкай кампаніі 2019 году па даручэнні ўраду Польшчы пры дапамозе шпіёнскай праграмы Pegasus узламваліся смартфоны прадстаўнікоў апазіцыі. Сярод пацярпелых – Кшыштаф Брэйза, тагачасны кіраўнік выбарчага штаба ліберальна-кансерватыўнай партыі «Грамадзянская платформа». Электронныя паведамленні з яго смартфону былі ў змененым выглядзе апублікаваны ў праўрадавых СМІ. У выніку атак Брэйза быў вымушаны пакінуць сваю пасаду.

У сваім артыкуле польская газета Rzeczpospolita разважае пра тое, ці варта рабіць упор на гэтым скандале.

«Сёння выбаршчыкаў ПіС больш за ўсё хвалюе ўзровень інфляцыі. Як ні парадаксальна, распальваючы скандал наконт праграмы Pegasus, апазіцыя тым самым толькі гуляе на руку кіруючай партыі. Прычына простая: усё гэта адцягвае ўвагу грамадскасці ад тэмы, якая магла б каштаваць ПіС падтрымкі, і пераводзіць стрэлкі на тэму, якая, на жаль, зусім не хвалюе электарат партыі ПіС. Не хачу сказаць, што апазіцыя павінна спрэс закінуць гэтую тэму. Незаконнае сачэнне за кіраўніком выбарчага штаба апазіцыі – гэта ўдар у самае сэрца дэмакратыі. Але ўсё ж апазіцыя павінна добра падумаць пра тое, якім чынам варта было б давесці скандал вакол выкарыстання ўладамі праграмы Pegasus не толькі да ўвагі ўласных выбаршчыкаў», – піша польскае выданне.

***

Сваімі рэзкімі выказваннямі прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон прыцягнуў да сябе ўвагу прэсы не толькі ў Францыі. У сваім інтэрв’ю парыжскай газеце Le Parisien ён паабяцаў, што «зробіць жыццё непрышчэпленых вясёлым». З сярэдзіны студзеня ў Францыі ўводзяцца больш жорсткія правілы, якія сярод іншага пазбавяць непрышчэпленых магчымасці наведваць рэстараны і тэатры.

Французская газета Le Figaro параўноўвае Макрона з Дональдам Трампам.

«Ніхто з кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў за апошнія месяцы не выкарыстоўваў мову, такую далёкую ад дэмакратычных канонаў. Выказванні Макрона нядзіўныя, бо яны знаходзяцца ў рэчышчы тэндэнцыі, якая толькі ўзмацнілася за час пандэміі. У Макрона ёсць нешта агульнае з Трампам: ён спрабуе мабілізаваць сваіх выбаршчыкаў за кошт выкарыстання прамалінейнай і нават зусім бесстаронняй рыторыкі. Калі зірнуць на праблему з гэтага пункту гледжання, то макранізм – гэта не што іншае, як элітарны трампізм», – піша французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.