Новы мост на Нямізе пабудуюць мінімум за тры месяцы
Пры ідэальных умовах аднавіць пуцеправод на Нямізе могуць за тры месяцы, паведамляе ААТ „Мастабуд”.
Праектаванне і будаўніцтва будзе весціся паралельна. Прычым будаўніцтва павінна ў гэтым выпадку ісці кругласутачна.
Але „каб зрабіць чарцёж, трэба паглядзець, у якім стане існуючая канструкцыя апоры”, адзначылі ў Мастабудзе, і тут могуць быць нюансы.
Нагадаем, што пешаходная частка моста над вуліцай Няміга ў цэнтры беларускай сталіцы абрушылася ў ноч на 8 студзеня. Па версіі гарадскіх уладаў, гэта адбылося з-за стомленасці канструкцый, выкліканай працай метро і перападамі тэмператур. Рух па мосце і пад мостам у цяперашні час закрыты. Было прынята рашэнне дэмантаваць частку пуцеправода. Цяпер яе разбіраюць. Дэмантаваць пашкоджаную канструкцыю плануюць за тыдзень. Мост быў пабудаваны ў 1962 годзе. Прытым яго двойчы рамантавалі ў 2004 і 2017 гадах. Паводле падлікаў незалежных экспертаў, у Беларусі ёсць як мінімум 22 аварыйныя масты. У тым ліку Новы мост у Гародні, на Берасцейшчыне – масты ля вёскі Броды і каля аграгарадка Клейнікі на М1.
Беларускае Радыё Рацыя