Беларуская актывістка: Казахскія студэнты ў Варшаве за Такаева
Усе дыктатуры трымаюцца на страху і хлусні, з дапамогай якіх удаецца абалваньваць людзей. Паводзіны студэнтаў з Казахстана, якія навучаюцца ў Варшаве, таму прыклад.
У першых дзвюх акцыях ля амбасады Казахстана студэнты ставіліся да беларусаў, якія прыйшлі выказаць сваю салідарнасць, вельмі дружалюбна, частавалі гарбатай, крычалкі былі аднолькавымі. На трэцяй акцыі, пасля ўводу войскаў АДКБ, казахская моладзь павяла сябе зусім па-іншаму, кажа беларуская актывістка Ганна Федаронак:
– Мы прыйшлі з такімі плакатамі: «Пуцін забойца», «АДКБ забойца». І з першых хвілінаў казахі нас папрасілі гэтыя плакаты не паказваць. І казалі, што Такаеў у іх вызваліцель, і што Пуцін вызваліцель. І што Такаеў малайчына, што паклікаў расейскія войскі. Яны сталі казаць, што гэтыя людзі, якія змагаліся за іхнюю свабоду, – яны ўсе бандыты.
Паводле Ганны Федаронак, довады беларусаў пра тое, што войскі АДКБ увайшлі незаконна і гэта не міратворцы, а агрэсары, што Такаеў – злачынца, даў прыказ расстрэльваць свой народ, на студэнтаў не паўздзейнічалі. Запрашэнне на беларускую акцыю ў падтрымку казахскага народу казахі-студэнты праігнаравалі.
Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя