Пуцін і Лукашэнка імкнуцца пераарыентаваць АДКБ на барацьбу з унутранымі ворагамі і Захадам



Пазачарговы саміт АДКБ пасля падзей у Казахстане можа стаць важнай вяхой у трансфармацыі гэтага альянсу ў кірунку, выгадным кіроўным рэжымам Беларусі і Расеі, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Выступы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна на саміце АДКБ 10-га студзеня былі даволі блізкія па тоне. У іх праглядаецца відавочнае імкненне трансфармаваць гэты альянс.

Робіцца спроба перанакіраваць АДКБ на барацьбу з Захадам, далучыць да антызаходняга саюзу Беларусі і Расеі іншых чальцоў альянсу.

„Падзеі ў Казахстане часткова вяртаюць рэжым Лукашэнкі ў міжнародную палітыку. Бо дагэтуль ён быў у пэўнай міжнароднай ізаляцыі нават на постсавецкай прасторы. На саміце ЭАЭС 10-га снежня Лукашэнка заявіў кіраўнікам краін-саюзнікаў: «Мы валодаем інфармацыяй, што ўжо і ў вашыя міністэрствы замежных спраў пайшлі візіцёры з заходніх краін і Злучаных Штатаў Амерыкі, угаворваючы вас падключыцца да ціску на Беларусь… Вас будуць душыць, настройваючы супраць Беларусі, каб вы падключыліся да гэтых санкцый супраць нашай краіны.

Дык вось падзеі ў Казахстане, рэанімацыя АДКБ даюць магчымасць Лукашэнку трохі зменшыць міжнародную ізаляцыю, зноў стаць гульцом хоць бы на постсавецкай прасторы”, – адзначае Валер Карбалевіч.

Сёння ў анлайн-фармаце прайшоў пазачарговы саміт АДКБ, прысвечаны крызісу ў Казахстане.