Агляд прэсы: супраца ці вайна?



Лукашэнка перасцярог Узбекістан аб уварванні баевікоў. Расея і ЗША вынясуць важнае рашэнне па НАТО. Казахстан: пратэсты жорстка задушаны? Спартовая ахвяра каронавірусу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка падчас пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ па сітуацыі ў Казахстане ў фармаце відэаканферэнцыі заявіў, што праблема са спробамі дзяржпераваротаў характэрна не толькі для Казахстана», – піша азербайджанскае выданне Haqqin.az. Выданне цытуе заклік Лукашэнкі да Узбекістану атрымаць урокі з таго, што адбылося ў Казахстане: «Кыргызстан і Казахстан павінны вырашыць сумесныя праблемы. Не павінны забывацца на гэта і ва Узбекістане. Калі не, то, паводле нашай інфармацыі, іх погляды кінуты на Узбекістан».

У матэрыяле падкрэсліваецца, што такая рыторыка – новая, але адлюстроўвае стары парадак рэчаў: «Беларусь і Казахстан – першыя кандыдаты на поўную рэінтэграцыю ў склад Расеі. Масква ўжо цалкам анэксавала Крым ад Украіны і дабілася фактычнага кантролю над Данбасам. Дзве вобласці Грузіі абвясцілі сваю незалежнасць ад Тбілісі, а Прыднястроўе застаецца па-за кантролем Малдовы. У Пуціна зараз ёсць парадыгма дзеянняў. У былых савецкіх рэспубліках людзі з нацыяналістычнымі настроямі, вядома ж, выступаюць супраць умяшання Расеі, падрыву суверэнітэту і ваеннага ўварвання або анэксіі. Іх праблема ў тым, што яны ня могуць супраціўляцца без падтрымкі Захаду. Эстонія, Латвія і Літва могуць толькі дзякаваць за сваё сяброўства ў НАТО».

***

Гэты тыдзень стане важным этапам у сусветнай палітыцы: у панядзелак у Жэневе пачаліся перамовы дэлегацый ЗША і Расеі ў рамках двухбаковага форуму па пытанню стратэгічнай стабільнасці. У сераду адбудзецца паседжанне Рады Расея-НАТО. Еўрапейская прэса піша пра тое, наколькі ўсё гэта зменіць адносіны паміж Расеяй і Захадам, якія далі немалую расколіну ў сувязі з падзеямі ў Беларусі і Украіне.

«Па сутнасці, Пуцін цяпер дыктуе парадак дня», – наракае гішпанская газета El Periódico de Catalunya.

«За чатыры дні расейскія прадстаўнікі сустрэнуцца на перамовах з прадстаўнікамі ЗША ў Жэневе, затым адбудзецца сустрэча ў штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі, і да канца тыдня пасланнікі Крамля прыбудуць на паседжанне АЭСР. Гэтак стратэгічна прадумана Расея не дзейнічала, мабыць, з часоў халоднай вайны. Масква спляла свайго роду павуцінне: яна аказвае падтрымку разнастайным рухам крайняга кшталту па ўсёй Еўропе, а ў самыя крытычныя моманты ажыццяўляе кібератакі. Расея тут, каб застацца. Менавіта з гэтай прычыны Еўропа і ЗША павінны разумець, што неабходна прадухіліць распальванне яшчэ адной вайны ва Украіне. У справе ўмацавання агульнай бяспекі недапушчальна ісці ні на якія саступкі», – заклікае гішпана-каталонскае выданне.

***

Сітуацыя ў Алматы, найбуйнейшым горадзе Казахстана, мяркуючы па ўсім, узята пад кантроль, у тым ліку пры дапамозе так званых міратворчых войскаў АДКБ, якія ўзначальвае Расея. Пратэсты задушаны. Тысячы людзей затрыманы, дакладнай інфармацыі аб колькасці загінуўшых няма. Што чакае краіну, і як ацэньваць дзеянні Расеі? На думку нямецкай газеты Süddeutsche Zeitung, сітуацыя застаецца нявызначанай.

«Ранейшы ўладар Нурсултан Назарбаеў, судзячы па ўсім, канчаткова пазбавіўся трона, аднак ці наўрад гэта абумоўлена жаданнем грамадзян. Хутчэй, іх пратэст быў спрытна інструменталізаваны: уплывовыя постаці скарысталіся хваляваннямі ў краіне для таго, каб закулісным чынам вырашыць паміж сабой пытанне аб уладзе. Аднак пакуль што рана судзіць, ці зможа Такаеў у доўгатэрміновай перспектыве выдужаць супраць клана Назарбаева. Яму трэба паказаць народу, для чаго ён будзе выкарыстоўваць новаздабытую ўладу: для рэформаў ці рэпрэсій. Пачатак – не самае аптымістычны», – папярэджвае нямецкае выданне.

***

Мэльбурнскі суд задаволіў апеляцыю першай ракеткі свету Новака Джокавіча наконт забароны на ўезд у краіну. Джокавіч меў намер прыбыць у Аўстралію на турнір Вялікага шлема, але паколькі ён не прышчэплены ад каронавірусу, то быў затрыманы аўстралійскімі памежнікамі. Урад Аўстраліі адмовіў тэнісісту ў візе. На думку аўстрыйскай газеты Kurier, гісторыя з Джокавічам наглядна ілюструе ўсю вастрыню агульнасусветных дэбатаў аб вакцынацыі.

«Цікавасць да дадзенага інцыдэнту выходзіць за межы тэніснага свету, паколькі гэты выпадак вельмі сімвалічны ў плане таго, наколькі шмат што ў эпоху каронакрызісу пайшло наперакасяк. Як толькі ў размове гучаць словы «прышчэпка» ці «абмежаванні», суразмоўцы разбягаюцца па сваіх акопах і пачынаюць бязладную вербальную перастрэлку. З кожнага інцыдэнту можа вырасці не абы-які канфлікт. Вірус для гэтага – усяго толькі нагода і каталізатар. Глыбокі недавер у адносінах да іншых склаўся ўжо задоўга да гэтага», – папярэджвае аўстрыйскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.