Пра газ у кватэры і дзірку ў кішэні



Пакуль беларускія пенсіянеры жывуць за кошт прадуктаў, якія выгадавалі на лецішчах, ісландскія дыскутуюць, куды падзець грошы. Пенсійная сістэма Ісландыі сутыкнуліся з праблемамі, якія ў Беларусі могуць толькі сніцца: там зашмат грошай. І цяпер палітычныя сілы выспы дыскутуюць, куды ўкласці назапашаныя рэсурсы. Вось знайшлі, пра што дыскутаваць. Няхай звернуцца ў Сінявокую: там жыве адзін чалавек, які мае адказы на ўсе пытанні. Праўда, невядома, што пасля гэтага будзе з пенсійнай сістэмай Ісландыі, але затое дыскусіі болей не будзе. Уяўляеце, якая гэта праблема: грошай зашмат. Вось як усё-такі добра жывецца беларускім пенсіянерам, што ў іх няма такой праблемы. У большасці беларускіх пенсіянераў адна дылема: як распланаваць пенсію так, каб хапіла да наступнай выплаты. Затое ў іх галава не баліць пра тое, куды падзенуць і інвестуюць актывы пенсійнай сістэмы.

У Ісландыі актывы пенсійнага фонду ўдвая перавышаюць памер ВУП гэтай выспы. Уяўляеце? І я не ўяўляю. А яшчэ ўяўляеце: актывы пенсійнага фонду Ісландыі трошкі меншыя за ВУП Беларусі за 2021 год. Праўда, у Беларусі жыве трошкі меней за 9,5 мільёнаў чалавек. А ў Ісландыі ўсяго трошкі болей за 370 тысяч чалавек. То бок меней, чым у абласным цэнтры Гомель. А яшчэ ўяўляеце: пенсійная сістэма Ісландыі лічыцца найбольш паспяховай у свеце. А што ў нас? А ў нас, як той казаў, у кватэры газ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ