Рэдактарам “Краязнаўчай газеты” прызначаны Максім Гальпяровіч
Выйшаў з друку першы сёлетні нумар ”Краязнаўчай газеты”.
І выхад яе, вядома ж, парадаваў усіх краязнаўцаў Беларусі, настаўнікаў, музейных работнікаў і бібліятэкараў. Таму што лёс газеты напрыканцы 2021 года “трымаўся на валаску”. Ды яшчэ ад каронавірусу раптоўна памёр яе цудоўны былы рэдактар Уладзімір Пучынскі.
І вось з Менску прыйшла прыемная вестка – галоўным рэдактарам “Краязнаўчай газеты” прызначаны гісторык Максім Гальпяровіч, які добра ведае нашу гісторыю, краязнаўства і тых асобаў, якія пішуць і даследуць Беларусь. Ды і вопыт у яго вялікі, тым больш, што Максім Гальпяровіч пэўны час рэдагаваў “Беларускі гістарычны часопіс”.
У першым нумары “Краязнаўчай газеты” Максім Гальпяровіч выступіў з артыкулам, у якім паабяцаў “Краязнаўчую газету” зрабіць больш разнастайнай. А што датычыць тэм, то адной з магістральных тэм газеты сёлета стануць “Навука і краязнаўства”, “Месцы памяці”, “Краязнаўцы і Вікіпедыя” і іншыя. Будуць распачаты і новыя рубрыкі, напрыклад, “Сямейныя рэліквіі”, у якой жыхары Беларусі будуць распавядаць пра свае сямейныя рэліквіі, якія захоўваюцца ў сям’і. Плануецца распачаць і рубрыку “Я нарадзіўся тут”, дзе можна будзе дзяліцца сваімі ўражаннямі і ўспамінамі пра маленькую радзіму. Ёсць у рэдакцыі і шэраг іншых цікавых задумак, якія “Краязнаўчая газета” будзе рэалізоўваць разам са сваімі чытачамі і аўтарамі.
Беларускае Радыё Рацыя