Беларуска-польская мяжа застаецца зачыненай для большасці беларусаў



Тыя ж, хто мае права яе перасякаць, таксама сутыкаюцца з шэрагам праблем і перашкод.

Апошнія два гады выдаліся складанымі для тых, хто перасякае беларуска-польскую граніцу. Пратэставы і пераломны 2020 год, пандэмія каронавіруса, а цяпер яшчэ і мігранцкі крызіс спрычыніліся да таго, што гэтая граніца надалей застаецца непераадольнай мяжой для большай часткі грамадзян Беларусі. І хоць кожны раз чакаеш, што вось-вось нешта зменіцца да лепшага, на жаль, пакуль што становіцца толькі горш. Прычым гэтыя складанасці прыходзяць з розных бакоў: і польскага, і беларускага. Толькі коратка прыгадаю, што выехаць з Беларусі праз наземныя пункты пропуску надалей могуць толькі пэўныя катэгорыі грамадзян, а менавіта тыя, хто пацвердзіць паважную прычыну для гэтага выезду: праца, вучоба, пашпарт замежнай краіны, аздараўленне ды некаторыя іншыя. Паток падарожнікаў, безумоўна, не параўнальна меншы, чым у ранейшыя гады, і таму толькі дзіву даешся, як гэта фірмы-перавозчыкі выжылі ў такіх няпростых умовах. А яны не проста неяк выжылі, дык яшчэ мусяць няспынна прыстасоўвацца да ўсё новых абмежаванняў. Закрылі пункт пропуску Кузніца-Брузгі, то едуць праз Баброўнікі-Бераставіцу. Крыху даўжэй і паліва больш трэба, але, як кажуць, “дзе наша не прападала”.

Падкінулі непрыемны “сюрпрыз” і з польскага боку, увёўшы, пакуль да канца студзеня, для падарожнікаў абавязковы тэст на каронавірус, незалежна ад наяўнасці сертыфіката аб вакцынацыі. Хоць і сертыфікат, які пацвярджае вакцынацыю зацверджанымі ў Еўразвязе вакцынамі – таксама абавязковы. Паводле прынятых урадавых пастаноў. Праўда, на практыцы ўсё залежыць ад змены. Нават і прэс-сакратар Падляшскай памежнай службы на маё пытанне пра тое, з якімі дакументамі цяпер трэба ўязджаць у Польшчу, каб не трапіць на каранцін, не змагла адказаць адразу і патрабавала крыху часу на пошук інфармацыі і яе ўдакладненне. У пункце ж пропуску ў каго пытаюць толькі тэст, у каго і тэст, і сертыфікат. Карацей, пэўны хаос у гэтым пытанні, безумоўна, назіраецца. Не кажучы пра тое, што тэст павінен быць не больш за 24 гадзіны ад атрымання яго выніку да перасячэння мяжы. З гэтым у мяне асабіста амаль не выйшла праблема. Здаўшы ў суботу ў Беларусі тэст раніцай, атрымала вынік каля 13-ай гадзіны, на паперы стаяла гадзіна 12.00. У нядзелю ў Бераставіцы была каля паловы на сёмую раніцы і нібыта да 12-ай гадзіны, калі важнасць тэсту ўжо скончыцца, шмат часу. Але “не туды тое”. Польскіх памежнікаў удалося прайсці толькі ў 11.20. На шчасце, абышлося без каранціну. Дадам, што і сама здача тэсту выдалася няпростай з увагі на вялікі натоўп ахвотных гэта зрабіць. Дый гадзіны, праведзеныя на мяжы, даліся ня лёгка. І з увагі на холад, і на нервовасць сітуацыі, і на агульны хаос з машын, бусаў і аўтобусаў, якія пасля святаў вывозілі з краіны тых беларусаў, якія могуць выязджаць. Прынамсі, пакуль яшчэ могуць.

Так ці іначай, перасячэнне беларуска-польскай граніцы надалей застаецца задачай са шматлікімі невядомымі. І кожны раз не ведаеш, па якіх правілах і з якімі перашкодамі гэтую граніцу давядзецца пераадольваць.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sport-marafon.ru