Андрэй Паротнікаў: Крэмль трапіў у пастку Казахстана



Ці не трапіў Крэмль у пастку, калі падтрымаў падчас пратэстаў у Казахстане прэзідэнта Касыма-Жамарта Такаева?

Разважае заснавальнік, кіраўнік аналітычнага праекту “Беларусь сэк’юрыты блог” Андрэй Паротнікаў:

– Гэта не Такаеў на гачку ў Крамля. Гэта Крэмль зараз на гачку Такаева. Фактычна паўтараецца гісторыя з Аляксандрам Лукашэнкам. Падтрымаўшы Такаева, Крэмль вымушаны будзе па ідэалагічных і іміджавых чынніках падтрымліваць яго заўсёды. І зараз крамлёўская палітыка ў адносінах да Казахстана шмат у чым стане закладніцай палітыкі самога Такаева. Крэмль зараз не зможа публічна – адкрыта, выступіць супраць Такаева, падтрымаўшы ягоных апанентаў.

У мінулы аўторак прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што вывад войскаў кантынгенту АДКБ з краіны пачнецца праз два дні. Сітуацыя ва ўсіх рэгіёнах краіны стабільная, асноўная місія АДКБ завершана, паведаміў ён. Нагадаем, што Такаеў сам звярнуўся па дапамогу ў Арганізацыю Дагавора краін аб калектыўнай бяспецы падчас масавых пратэстаў у Казахстане, туды адправіліся таксама і беларускія вайскоўцы.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя