„Niemenomania 2015” у Беластоку



У Беластоку з’явілася ініцыятыва ўшанаваць памяць вядомага музыкі Чэслава Немана і правесці ў яго гонар конкурс спевакоў. Пра ініцыятыву распавяла Эля Гадлеўская.

DSC09959

РР: Хто можа ў ім паўдзельнічаць? Ці ёсць яшчэ шанс, калі хтосьці лічыць, што добра спявае, любіць песні Чэслава Немана, то ці зможа узяць удзел у гэтым конкурсе?

Эла Гадлеўская: Адбор на конкурс “Niemenomania 2015” будзе праходзіць да 30 красавіка – гэта апошні тэрмін прыёму заявак. Каб узяць удзел у конкурсе трэба пазнаёміцца з правіламі і ўмовамі, якія можна прачытаць на інтэрнэт-старонцы www.niemenomania.pl. Калі каротка, то скажу, што кожны, хто ўмее спяваць і хоча паспаборнічаць рэпертуарам Чэслава Немана, бо гэта легенда польскай музыкі, можа гэта зрабіць. Дастаткова мець 13 гадоў, вышэйшай узроставай мяжы не акрэсліваем. Ёсць дзве ўзроставыя катэгорыі – ад 13 да 16, а таксама ад 17 і старэй, таму сардэчна запрашаем.

РР: Ці могуць удзельнічаць у конкурсе грамадзяне іншых краін? Я маю на ўвазе перадусім грамадзян Беларусі, бо Чэслаў Неман нарадзіўся на Гарадзеншчыне.

Эла Гадлеўская: Так, канешне. Для нас вельмі важна, каб прыехалі таксама, узялі ўдзел у адборы грамадзяне Беларусі, палякі, якія там жывуць. Умовай з’яўляецца тое, што песня павінна выконвацца па-польску, але я думаю, што гэта не будзе праблемай. Чула ў “The voice of Ukraina” жанчыну, якая праспявала па-польску “Dziwny jest ten świat”, засталіся несамавітыя ўражанні. Думаю, што будзе шмат ахвотных выступіць з гэтым творам, хаця прапанавала б удзельнікам выконваць навейшы рэпертуар Чэслава Немана, а не толькі папулярныя: “Dziwny jest ten świat”, “Wspomnienie” ці “Pod papugami”. Неман у пазнейшы перыяд таксама спяваў, запісваў кружэлкі з такой больш амбіцыйнай музыкай, напрыклад, “Terra Deflorata” ці “Spodchmurykapelusza”, дзе ёсць цудоўныя песні, менш вядомыя, але з якімі варта выступіць. Гэта конкурс на інтэрпрэтацыю твораў Чэслава Немана, не перапяванне, а каб стварыць нешта індывідуальнае.

РР: Чаму вы лічыце, што Чэслаў Неман дагэтуль можа быць натхненнем?

Эла Гадлеўская: Мы хацелі б, каб маладыя людзі ўзяліся за гэты рэпертуар. Я размаўляю са знаёмымі маладымі вакалістамі, прашу ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Неман заўсёды быў артыстам, які выдзяляўся, меў цікавую індывідуальнасць, быў трохі контраверсійным. Яму не было лёгка ў часы камунізму, ён адрозніваўся вопраткай, што не ўсім падабалася, але для мяне асабіста – гэта быў артыст якога прыемна было слухаць, бо ён электрызаваў сваёй індывідуальнасцю і спяваў для чатырох пакаленняў палякаў. Я лічу, што яму трэба аддаць даніну павагі і не забываць яго творчасць, тым больш што ён быў і застаецца для артыстаў натхненнем.   

Вакальны конкурс на лепшую інтэрпрэтацыю песні з рэпертуара Чэслава Немана пройдзе ў Беластоку ў клубе „Fama”. Заяўкі можна дасылаць да 30 красавіка, фінал конкурсу пройдзе 15 траўня. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце www.niemenomania.pl.

ulotka1_e3tv

[youtube id=”xiSqbXclpnk”]

Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя