Пра чаканых калядоўшчыкаў



Шчодрыкі ў многіх рэгіёнах Беларусі чакаюць. Выключэнне складае хіба што Менск, дзе дзеці чамусьці не ходзяць па кватэрах і не калядуюць. Аднак, напрыклад, на Гомельшчыне Шчодры чакаюць. Прычым часам падаецца, што большасць жыхароў рэгіёна (за выключэннем вернікаў) чакае нават болей, чым праваслаўнае Раство. За савецкімі часамі са звычак людзей выбілі рэлігійнае адзначэнне нараджэння Хрыста. Аднак традыцыі шчадравання так і не змаглі знішчыць. І няхай многія дзеці ўжо не ведаюць, якое месца ў абрадзе займае каза. Няхай не ведаюць многіх беларускіх калядак і замяняюць “го-го-го каза, го-го-го шэрая” на рускамоўную “щедрую-щедрую, колбасу чую”. Пры адпаведнай працы школаў дзеці даведаюцца і пра калядкі, і пра казу. І зноў па хатах мы будзем чуць “Добры вечар табе, пане гаспадару”. І зноў будуць вадзіць казу. І зноў будуць казаць, што “нашай казе не шмат трэба, усяго два боханы хлеба”.

А пакуль каза сустракаецца рэдка. Усё роўна галоўнае, што абрад не знік. Галоўнае, што карнавал у гэты дзень усё роўна захоўваецца. Хай сабе і з рознымі супермэнамі ды іншымі сучаснымі героямі. Галоўнае, што напярэдадні ў крамах раскупаюцца цукеркі, каб раздаць іх на стары новы год дзецям. А дзеці, пераапрануўшыся хто ў каго, ходзяць па кватэрах, несучы радасць людзям. Бо нават не ведаючы, неяк падсвядома беларусы разумеюць, што калядоўшчыкі “людзі не простыя і прыехалі з далёкага краю, з-пад самага раю”. І такіх сакральных гасцей не прынята крыўдзіць, не адчыніўшы дзверы. А самае галоўнае, што яны нясуць радасць і надзею на цуд.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ