Разцовая гравюра: Лембіт Лыхмус і венская школа



18 студзеня 2022 г. у 16:00 у музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) адбудзецца адкрыццё выставы «Разцовая гравюра: Лембіт Лыхмус і венская школа».

На выставе будуць прадстаўлены тонкія і дасканалыя графічныя працы сучасных мастакоў, выкананыя ў тэхніцы класічнай разцовай гравюры. Гэта складаная і рэдкая сёння тэхніка выкарыстоўвалася графікамі з XV ст., а ў канцы XVI – XVIII стст. мела вялікае пашырэнне ў Беларусі. Яркім прадстаўніком, які працаваў у дадзенай тэхніцы, з’яўляецца Альбрэхт Дзюрэр. У Беларусі разцовай гравюрай займаліся Тамаш Макоўскі, Аляксандр і Лявонцій Тарасевічы, Максім Вашчанка і інш. Сёння ў гэтай вельмі складанай тэхніцы беларускія майстры амаль не працуюць.

Асновай для экспазіцыі сталі сучасныя мастацкія творы з прыватнай калекцыі бібліяфіла Алега Судлянкова, а таксама работы замежных мастакоў, адмыслова прысланыя ў Беларусь для гэтай выставы. Большасць з іх – экслібрысы, якія вызначаюцца глыбокай дэталізацыяй і вельмі тонкім узроўнем выканання.

Уваход на адкрыццё – вольны, у астатні час – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Дата заканчэння працы экспазіцыі – 28 сакавіка.