Улады Беларусі хочуць аб’яднаць Мінсувязі і Мінінфарм
Лукашэнка правёў першую ў 2022 годзе нараду з урадам, у ходзе якой абмяркоўвалася пытанне з’яўлення ў краіне Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі.
«…Я даручыў абмеркаваць на гэтай нарадзе стварэнне… Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі. З аднаго боку, дзякуючы бурліваму развіццю лічбавых тэхналогій, свет сапраўды стаў мяняцца вельмі хутка. І нам неабходна выкарыстоўваць усе перавагі гэтых працэсаў. З іншага — варта памятаць і разумець, што дзяржава ў прыняцці рашэнняў па рэгуляванні гэтай сферы павінна працаваць на апярэджанне. Таму сёння ўважліва разгледзім гэтае пытанне», — цытуе яго АФН.
Новае міністэрства плануецца стварыць за кошт аб’яднання двух існуючых — Мінсувязі і Мінінфарма.
Паколькі класічных, з пункту гледжання фармату, СМІ ў краіне засталося як пальцаў на адной руцэ, а ўсе сучасныя медыя больш адносяцца да сферы дзейнасці Мінсувязі, то рашэнне зліць два міністэрствы ў адно з моднай назвай цалкам вытлумачальна. Акрамя бюджэтнай эканоміі, уладам будзе прасцей і цэнзуру ажыццяўляць, выключыўшы з гэтага працэсу міжведамаснае ўзаемадзеянне, адзначае агенцтва.