Стары Новы год – праблемы зайшлі на новы круг?



У Беларусі дэфіцыт харошых навінаў, таму кожнай новай – добрай! – радуешся. У Стары Новы год выпусцілі з-пад хатняга арышту культуролага Юлію Чарняўскую, і спадарыня Юлія ўпершыню з траўня 2021 года змагла сустрэцца з роднымі – ужывую і па відэасувязі! Так, справа не зачыненая і наперадзе будзе нейкі суд, але ж можна падыхаць свежым паветрам, схадзіць да доктара і ў салон прыгажосці… Сустрэцца з сябрамі. Выбрацца ў кавярню са сваімі студэнтамі або прыяцелямі… Наведаць тэатр… Праверыць пошту і пачытаць навіны ў сеціве! Удыхнуць таго нармалёвага жыцця, якім жыве сучасны інтэлігентны чалавек і якога не разумее той, для каго кнігі – макулатура і непатрэбная дэталь у інтэр’еры. Раніцай таго самага дня ў сталіцы затрымалі дырэктарку арганізацыі «Геном» Дар’ю Царык. «Геном» дапамагае людзям з рэдкімі генетычнымі і нейра-цяглічнымі захворваннямі. На кватэры ў жанчыны прайшоў ператрус, а потым яе павезлі на допыт. Ці прысутнічаў адвакат падчас усіх гэтых працэдураў, невядома. Пазней у Першамайскім РУУС на Дар’ю Царык склалі пратакол па адміністрацыйнай справе (артыкул невядомы). Прайшоў суд. 8 сутак арышту. Перадачу не ўзялі, што трывожыць родных і сяброў: Дар’я – веганка. Вытрымаць турэмнае меню без вітамінаў зімой – задача няпростая. Жыццё працягваецца. Год новы – праблемы старыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ