Берасце далучыцца да міжнароднай акцыі „Гадзіна Зямлі”



28 сакавіка у Берасці пройдзе міжнародная экалагічная акцыя „Гадзіна Зямлі”. Сусветны фонд дзікай прыроды заклікае фізічных асобаў, арганізацыі, камерцыйныя ўстановы, органы мясцовага самакіравання і ўсіх неабыякавых на гадзіну выключыць святло.

“Гадзіна Зямлі” мае сімвалічны характар, гэта значыць, што мы павінны берагчы энергію не толькі ў гэты дзень, але і цягам году, – распавёў адзін з галоўных арганізатараў акцыі ў Берасці, прадстаўнік арганізацыі ’’Экадом’’ Аляксандр Шэпяцюк:

– „Гадзіна Зямлі” – гэта міжнародная кліматычная акцыя, закліканая прыцягнуць увагу людзей да праблемы змены клімату. Многія забываюцца ў „Гадзіну Зямлі” выключыць святло. На жаль, выключанае святло – гэта толькі адзін з аспектаў, які паказвае нашую салідарнасць у вырашэнні глабальнай экалагічнай праблемы.

У Берасці экалагічная акцыя Гадзіна Зямлі пройдзе на пляцоўцы Тэатра эстрады ў парку 1 Мая. Яна пачнецца а палове на 21-ю гадзіну з удзелам тэатра агня ’’Этэрэ’’ і жывой інструментальнай музыкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце