Нерашучасць
Адным чалавекам, які ведаў Уладзіміра Караткевіча, стала меней,
Лідзія Аляксееўна жыла ў Воршы ў цагляным доме на рагу вуліц Марата і Караткевіча (раней Касманаўтаў).
Яшчэ нядаўна купалася да самай зімы ў Дняпры, хадзіла з палкамі для скандынаўскай хады.
Я не паспела ці не здолела пагаварыць Лідзіяй Аляксееўнай пра Караткевіча.
Мы не былі асабіста знаемыя, ніколі не гаварылі.
Восенню 2020 я ішла і прывіталася, яна стаяла і гаварыла з суседам.
Услед пачула, як Лідзія Аляксееўна ўдакладніла: „Гэта Паліна?”
Значыць ведала пра тое, што я існую. Яна была фармацэўтам, жыла ў Менску, але апошнія гады вярнулася ў дом маці ў Воршу.
У 70-ыя гады яны з мужам-медыкам працавалі ў Егіпце.
Памятаю, калі прыязджалі летам, яна ўпэўненай хадой у адкрытым купальніку спускалася з гары да Дняпра, а наперадзе бег вялізны бульдог. Бег і соп. Можа ён і быў добрым, але выгляд, як у пякельнага пса. А ў яе быў егіпецкі, не тутэйшы загар. Я баялася бульдога, назірала за шэсцем з-за плота.
Я не пагаварыла пра Караткевіча не спытала, перашкодзілі мне і каронавірус і нерашучасць, і сарамлівасць, і той стары дзіцячы страх.