Вікторыя Азаранка выйшла ў другі круг „Australian Open”



Беларуска Вікторыя Азаранка (25 ВТА) выйшла ў другі круг „Australian Open”. У стартавым раундзе экс-першая ракетка свету перайграла Пану Удвардзі (95) з Венгрыі — 6:3, 6:1. Наступнай саперніцай Азаранкі стане наймацнейшая тэнісістка з пары Петра Марціч (57) — Жыль Тайхман (34).

А вось Аляксандра Сасновіч (76 ВТА) не змагла прабіцца ў другі круг „Australian Open”. У першым раундзе яна саступіла кітаянцы Чжэн Цыньвэнь (108) — 3:6, 6:1, 6:7.

Ілля Івашка (47 АТП) зняўся з „Australian Open”. Беларус не згуляе на першым у сезоне турніры „Вялікага шлема” з-за траўмы нагі, паведамляе прэс-служба турніру. У сетцы Івашка замяніў „лакі-лузер” Дамір Джумхур з Босніі і Герцагавіны.

Экс-брамнік БАТЭ Антон Чычкан падпісаў кантракт з „Уфой”

Беларускі брамнік Антон Чычкан падпісаў кантракт з расейскай „Уфой”. Пагадненне разлічана на 2,5 гады, паведамляе прэс-служба клуба. 26-гадовы Чычкан – двухразовы чэмпіён Беларусі ў складзе БАТЭ. За асноўную каманду барысаўчан галкіпер правёў 76 афіцыйных матчаў, прапусціў 77 галоў, 26 разоў захоўваў браму „сухой”. „Уфа” займае перадапошняе, 15-е, месца ў табліцы расейскай прэм’ер-лігі.

Беларускі нападнік Аляксандр Шасцюк падпісаў кантракт з „Ніжнім Ноўгарадам”. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт расейскага клуба. У мінулым сезоне Шасцюк выступаў за берасцейскае „Дынама”. У 29 матчах вышэйшай лігі-2021 форвард забіў чатыры мячы і аддаў дзве галявыя перадачы. Пасля завяршэння сезона Аляксандр выкупіў кантракт з берасцейцамі. „Ніжні Ноўгарад” пасля першай часткі чэмпіянату Расеі займае 13-е месца ў табліцы.

Перанесены матч Адзінай лігі ВТБ паміж клубамі „Цмокi-Менск” і „Енісей”

Матч Адзінай лігі ВТБ „Цмокi-Менск” – „Енісей”, які павінен быў адбыцца 22 студзеня, перанесены на больш позні тэрмін, інфармуе прэс-служба сталічнага клуба. Гэтае рашэнне было прынята Лігай у сувязі з выяўленнем станоўчых тэстаў на COVID-19 у складзе „Енісея” на мінулым тыдні. Раней таксама быў перанесены матч краснаярцаў з польскім клубам „Зялёна Гура”, прызначаны на 15 студзеня. Новая дата паядынку „Цмокi-Менск” – „Енісей” будзе аб’яўлена пазней.

Беларускае Радыё Рацыя