У Беластоку гучаць галасы пратэсту супраць “мовы нянавісці”



Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі паведамляе ў пракуратуру аб здзяйсненні злачынства, а таксама дасылае лісты прэм’ер-міністру і міністру юстыцыі. Гэта рэакцыя на “смяротны прысуд”, вынесены прэзідэнту і абвешчаны падчас суботняй дэманстрацыі супраць вакцынацыі. Прыгадаю, што 15 студзеня на плошчы Касцюшкі прайшла дэманстрацыя пад лозунгам “Беласток, падыміся!”, у якой узялі ўдзел каля паўтысячы чалавек. Сёння падчас адмысловай прэс-канферэнцыі прэзідэнт Трускаляскі выказаўся пра гэты інцыдэнт:

Гэта cупрацьпраўныя пагрозы, якія караюцца законам. Я адрэагую на іх і паведамлю ў праваахоўныя органы. Гэта выклікае глыбокі непакой.

На канферэнцыі таксама прысутнічаў вядомы польскі лекар-інфекцыяніст Роберт Флісяк з Медыцынскага ўніверсітэта ў Беластоку:

-Мы назіраем эскалацыю такіх жорсткіх падзей без рэакцыі з боку ўрада. Да чаго гэта прывядзе? У рэшце рэшт можа здарыцца трагедыя. Некаторыя вар’яты пачуюць гэтыя галасы і ажыццявяць гэта на практыцы. Знойдуцца тыя, хто ўспрыме гэта сур’ёзна.

Прэзідэнт Трускаляскі накіраваў паведамленні ў пракуратуру, да прэм’ера і міністра юстыцыі. Гарадская Рада горада Беластока ў панядзелак, 17 студзеня, асудзіла любыя праявы мовы варожасці. Большасцю галасоў радныя прынялі заяву, у якой гаворыцца, што гэта вельмі небяспечны інцыдэнт, які можа наўпрост прывесці да актаў гвалту.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Dawid Gromadzki/UM