На рамонт магілёўскага касцёла за два дні сабралі больш за 6000 рублёў
За два дні на рамонт магілёўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі паступілі ахвяраванні на 6 280 рублёў.
Такую лічбу сайту catholic.by назваў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
“Заўтра, 18 студзеня, мы сваімі ўласнымі сіламі будзем забяспечваць дах магілёўскай катэдры ад снегу, часова накрываючы яго ДСП і рубероідам”, — удакладніў ён. Яшэўскі таксама падзякаваў парафіі ў Будславе за дапамогу.
Выказаў ён падзяку і экспертам-альпіністам, якія могуць працаваць на вышыні, за хуткі пачатак прац.
Магілёўскі касцёл стаў ахвярай ураганнага ветру, які абрынуўся 14 студзеня на ўсход Беларусі. Вецер моцна пашкодзіў дах касцёла.
Беларускае Радыё Рацыя