Выстава да 190-годдзя «Пана Тадэвуша» ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры



Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Зямля навагрудская, краю мой родны!..” прымеркавана да 190-годдзя з дня стварэння велічнай эпапеі Адама Міцкевіча, поўная назва якой – “Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве”. Шляхецкая гісторыя 1811-1812 гадоў у дванаццаці кнігах вершам.

Сёння няма такога кутка на зямлі, дзе б не ведалі і не чыталі твораў славутага сына беларускай зямлі, аднаго з найвялікшых паэтаў свету Адама Міцкевіча.

У аснову экспазіцыі пакладзена фотавыстава “Па мясцінах Адама Міцкевіча”, якая стала вынікам міжнароднага фотапленэра, які адбыўся ў 2008 г.

Акцэнт экспазіцыі зроблены на рукапісах паэмы ў перакладзе Пятра Бітэля і Язэпа Семяжона. Можна пабачыць выданні паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча ў перакладзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Браніслава Тарашкевіча, Пятра Бітэля і Язэпа Семяжона, выданні на польскай мове.

Таксама працуе фотавыстава «Па мясцінах Адама Міцкевіча» — творчыя працы фотамастакоў Валерыя Сібрыкава, Сяргея Плыткевіча, Валерыя Вядрэнкі, Віктара Сядых, Наталлі Ракіцкай, Сігітаса Канцявічуса, Рамуальдаса Вайткуса, Ежы Пёнтака ды інш.

Экспазіцыя дзейнічае з 10.01.2022 па 18.02.2022 па адрасе г. Менск, вул. М.Багдановіча, 13.

bellit.museum.by