Пра страшэнны сон украінафобаў
Караўл! Страшэнны сон нашых усходніх суседзяў стаў рэальнасцю. Ва Украіне ўсе глянцавыя часопісы пераходзяць на ўкраінскую мову. Уяўляеце? Пакуль у Беларусі змагаюцца за тое, каб адкрыўся адзін няшчасны клас у якім-небудзь абласным цэнтры з вывучэннем прадметаў на роднай мове, у суседняй Украіне нават глянец цяпер будзе на іхняй роднай мове. Ну, усё: можна сказаць, украінцы вярнулі сабе ўкраінскую мову. Выкладанне ў іхніх школах даўно збольшага вядзецца па-ўкраінску. У паліклініцы ў рэгістратуры там таксама не скажуць “разговарівайте на нормальном языке”. І фільмы на ўкраінскай мове нашмат прасцей знайсці, чым фільмы па-беларуску. І выбар украінамоўных фільмаў нашмат большы. А тут яшчэ глянцавыя часопісы будуць на ўкраінскай мове. Нават playboy.
З 16 студзеня ва Украіне набывае моц закон, які прадугледжвае выданне на дзяржаўнай украінскай мове друкаваных выданняў. І няважна гаворка вядзецца пра рэгіянальнае выданне, ці пра агульнаўкраінскае. Уяўляеце ў нас глянцавыя часопісы на беларускай мове? На дадзены момант гэта падаецца проста фантастыкай. Падаецца, людзі хутчэй на Марс паляцяць. На дадзены момант у Беларусі нават курсы вывучэння беларускай мовы “Мова Нанова” ліквідавалі. Не кажучы ўжо пра практычную адсутнасць адукацыі на беларускай мове.