Тбілісі: Сухі мост і развалы блышынага рынку
У цэнтры грузінскай сталіцы адной з адметнасцяў з’яўляецца так званы Сухі мост. Сам мост як вядомы архітэктурны аб’ект пабудаваны ў 1848-1851 гг. па праекце італьянскага архітэктара Дж. Скудзьеры. Малы мост вёў на «Мадатаўскі востраў» (востраў — першапачаткова быў уласнасцю князёў Арбеліяні, у якіх у сярэдзіне XIX стагоддзя гэты востраў на рацэ быў набыты князем, генерал-лейтэнантам рускай арміі, героем вайны 1812 года і вайны на Каўказе Валерыянам Рыгоравічам Мадатавым, з таго часу тбілісцы называлі яго «Мадатаўскім востравам», а Малы мост — «Мадатаўскім мостам»).
Гэты мост быў працягам Вялікага Міхайлаўскага моста праз Куру. 25 лютага 1883 года па мосце прайшоў першы ў горадзе маршрут конкі.
У 1933 годзе пратока ракі пад мостам была асушана і па былым рэчышчы пракладзена вуліца. У 1962 годзе праведзены капітальны рамонт моста па праекце інжынера Карцівадзэ і архітэктараў Каўлашвілі, Куртышвілі і Мелкадзэ.
У канцы 1980-х — пачатку 1990-х ля маста ўзнік «блышыны рынак».
Менавіта на гэты рынак мне як калекцыянеру ўдалося патрапіць ужо некалькі разоў. Пару разоў я гандляваўся тут за манеты Данцыга 16 стагоддзя, а адной з цікавостак, якія мне ўдалося набыць на гэтым рынку ў калег-філатэлістаў, сталі некалькі паштовых марак 1920-х гадоў з Сярэдняй Літвы.
А самым цікавым стала тое, што тут мне патрапіліся паштовыя маркі Асобнага Атраду БНР.
На гэтым невялічкім кірмашы можна набыць не толькі маркі і манеты, сюды майстры прыносяць свае ўпрыгажэнні, каб прадаць турыстам. Тут можна ўбачыць розныя народныя вырабы, нацыянальныя капелюшы і дываны, гандляры таксама распавядуць розныя цікавыя гісторыі.
Калі пераходзіш праз мост – трапляеш нібы ў іншую частку Тбілісі, рэстараны і кавярні вакол цябе нібы бяруць цябе ў пастку.
А на «Сухім мосце» час нібы спыніўся щ 90-х гадах ХХ стагоддзя. Калі буду наступны раз у Тбілісі, абавязкова яшчэ раз наведаю гэта прыемнае кожнаму збіральніку месца.
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя, Грузія, Тбілісі
Фота аўтара