Рада Беластока асудзіла любыя праявы мовы варожасці
Сітуацыя з вакцынацыяй у Польшчы – далёка не самая лепшая. Пры гэтым надалей даволі моцныя пазіцыі займаюць тыя, хто не прызнае вакцынацыю ад каронавіруса. Гэта стала прычынай інцыдэнту ў Беластоку, які прывёў да скандалу і заявы ў пракуратуру.
76 працэнтаў памерлых пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй – гэта асобы, якія не былі вакцынаваныя. Паведаміла Міністэрства здароўя Польшчы. Надалей актыўна распаўсюджваецца штам “амікрон” – гэта ўжо 17 працэнтаў ад новых выпадкаў заражэння. У самых “чорных сцэнарах” далейшага развіцця падзей не выключаецца, што колькасць выпадкаў, якія выяўляюцца штодня дасягне і нават перавысіць 100 тысяч чалавек. Адпаведна вырасце і колькасць смерцяў ад кавіду. Ужо цяпер у Польшчы, калі лічыць з пачатку пандэміі, памерлі ад кавіду больш за 102 тысячы чалавек. Фактычна насельніцтва аднаго і не зусім малога горада. Многія пасля перанесенай хваробы працягваюць месяцамі даходзіць да здароўя. У гэтай сітуацыі, калі бальніцы краіны зноў актыўна запаўняюцца хворымі з кавідам, выклікае вялікае здзіўленне, што надалей існуе вялікі працэнт людзей, якія не прызнаюць вакцынацыю. Так званыя “антышчэпенковцы”. Больш за тое, што яны рызыкуюць сваім здароўем і жыццём, дык яшчэ і сваіх блізкіх, у дадатак прапагандуюць свой антынавуковы падыход да праблемы вакцынацыі.
Нельга выключаць, што такой сітуацыі спрыяе і досыць лагоднае стаўленне многіх прадстаўнікоў ураду і палітыкаў да тых, хто адмаўляе вакцынацыю. Таксама ўрад Польшчы так і не вырашыўся на сапраўды жорсткія абмежаванні для асоб, якія не прышчапіліся ад кавіду. Як вынік – агульны ўзровень вакцынацыі ў краіне так і не дасягнуў “калектыўнага імунітэту”. Вынікам такога падыходу ёсць і інцыдэнт, які здарыўся ў Беластоку і з’яўляецца яскравым прыкладам. У суботу, 15 студзеня, на плошчы Касцюшкі прайшла дэманстрацыя супраць вакцынацыі пад лозунгам “Беласток, падыміся!” Да таго ж падчас суботняй дэманстрацыі, у якой прынялі ўдзел больш за паўтысячы чалавек, невядомы падляшскі Трыбунал справядлівасці агучыў смяротны прысуд прэзідэнту Беластока Тадэвушу Трускаляскаму.
Сам прэзідэнт ужо паведаміў пра гэта пракуратуру, прэм’ера і міністра юстыцыі. З боку ўраду рэакцыі на інцыдэнт пакуль не было, прынамсі на момант напісання гэтага тэксту. Аднак адразу адрэагавала гарадская Рада горада Беластока, якая ў панядзелак, 17 студзеня, асудзіла любыя праявы мовы варожасці. Большасцю галасоў радныя прынялі заяву, у якой гаворыцца, што гэта вельмі небяспечны інцыдэнт, які можа наўпрост прывесці да актаў гвалту. Тым больш тры гады таму трагічна загінуў прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч, якога забілі непасрэдна на сцэне падчас выступу на дабрачыннай акцыі, і смерць якога звязваюць акурат з мовай нянавісці і адсутнасцю пакарання за яе.
Прызнаючы права на дэманстрацыю розных поглядаў і думак, неабходна прытрымлівацца асноўных дэмакратычных стандартаў і шанаваць правы чалавека. Гаворыцца ў заяве радных.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Fot. Agnieszka Sadowska / Agencja Wyborcza.pl