Беларускія гандбалісты перамаглі аўстрыйцаў у матчы чэмпіянату Еўропы




Гандбалісты зборнай Беларусі перамогай завяршылі выступы на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць на пляцоўках Венгрыі і Славакіі.

У сваім апошнім паядынку папярэдняй групы D падначаленыя Юрыя Шаўцова абыгралі ў Браціславе аўстрыйцаў з лікам 29:26. Да гэтага беларусы саступілі камандам Германіі 29:33 і Польшчы 20:29. Беларусы і аўстрыйцы не змаглі прабіцца ў наступны этап спаборніцтваў. У матчы двух лідараў гэтага квартэта гандбалісты зборнай Германіі перамаглі каманду Польшчы 30:23. Зборная Беларусі заняла 17 месца. Гэта найгоршы вынік у суверэннай гісторыі. Два гады таму зборная Беларусі выйшла ў асноўны этап Чэмпіянату Еўропы, але трапіць у паўфінал не змагла, заняўшы дзясятае месца. Усяго беларускія гандбалісты сем разоў гулялі ў фінальных турнірах кантынентальнага першынства, іх найлепшым вынікам стала 8-е месца ў 1994 годзе на турніры ў Партугаліі з удзелам 12 каманд.

Аляксандр Суліма ўвайшоў у трэнерскі штаб „Нёмана”

Беларускі спецыяліст Аляксандр Суліма ўвайшоў у трэнерскі штаб „Нёмана” і пачаў працу  з брамнікамі. Аляксандр з’яўляецца выхаванцам гарадзенскага клуба. Як дзейны спартовец абараняў колеры чатырох клубаў: гарадзенскага „Нёмана”, тальяцінскай „Лады”, менскага МТЗ-РІПА і сталічнага клуба „Дынама-Мінск”. У наймацнейшым дывізіёне Беларусі правёў 319 матчаў, у 121 з іх пакінуў сваю браму ў недатыкальнасці. У красавіку 2015 года, пасля завяршэння гульнявой кар’еры, увайшоў у трэнерскі штаб маладзёжнай зборнай Беларусі, а ў чэрвені 2019 года стаў асістэнтам галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі, дзе і працаваў да канца сезона 2021 года, нагадвае прэс-служба „Нёмана”.  

Зборныя Сенегала і Гвінеі выйшлі ў плэй-оф Кубка афрыканскіх нацый па футболе

Футбалісты зборных Сенегала і Гвінеі выйшлі ў 1/8 фіналу Кубка афрыканскіх нацый, які праходзіць у Камеруне.
У апошнім туры групавога этапу сенегальцы згулялі ўнічыю з камандай Малаві – 0:0. Гэта ачко стала для „львоў Тэрангі” пятым у трох матчах, але нават гэтага Сенегалу хапіла для першага месца ў квартэце B. Найбліжэйшы пераследнік – зборная Гвінеі – прайграла Зімбабвэ 1:2 і засталася з чатырма баламі. Столькі ж ачкоў набралі і малавійцы, але дзякуючы перамозе ў асабістым паядынку далей напрамую прайшла менавіта Гвінея.
Таксама футбалісты зборных Марока і Габона выйшлі ў плей-оф.

У трэцім туры групавога раўнда лідары квартэта С гулялі паміж сабой. Каб выйсці з пула з першага месца, мараканцам было дастаткова нічыі – яе каманда і дамаглася 2:2. Усяго за тры гульні „атласкія львы” набралі сем ачкоў, габонцы – на два балы менш. У паралельным матчы зборная Каморскіх астравоў сенсацыйна абыграла каманду Ганы – 3:2. Для Камораў гэтая перамога стала дэбютнай у рамках кантынентальных першынстваў.

Федэрацыя хакея Украіны абвясціла бестэрміновую дыскваліфікацыю Сяргею Касціцыну  

Федэрацыя хакея Украіны абвясціла бестэрміновую дыскваліфікацыю беларускаму форварду „Сокала” з Суперлігі Сяргею Касціцыну. Такое ж пакаранне абвешчанае яшчэ 12 беларускім хакеістам і трэнерам. Як піша „Прессбол”, у гэты чорны спіс трапілі Віталь Трус, Уладзіслаў Сакалоўскі, Віктар Туркін, Мікіта Міцкевіч, Аляксандр Семачкін, Раман Аляксееў, Мікіта Зуеў, Дзмітрый Жалняроўскі, Павел Мікульчык, Алег Мікульчык, Аляксандр Міхеёнак і Аляксей Емяльянаў. Агулам дыскваліфікавала 171 чалавека. Усе яны маюць дачыненне да ўкраінскай хакейнай Суперлігі. Ва Украіне ўзнік канфлікт паміж ФХУ і хакейнымі клубамі. У выніку клубы стварылі асобны турнір — Суперлігу. Федэрацыя працягвае праводзіць чэмпіянат Украіны і не прызнае Суперлігу. Залагодзіць канфлікт не здолеў нават прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея.

Беларускае Радыё Рацыя