Агляд прэсы: трое ў лодцы



ЗША асцерагаюцца, што прыбыццё расейскіх войскаў можа прыўнесці ядзерную зброю ў Беларусь. Германія-Расея: новы характар адносінаў. У Румыніі прэм’ер-міністр Чукэ абвінавачаны ў плагіяце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Злучаныя Штаты занепакоеныя тым, што прыбыццё расейскіх войскаў у Беларусь для правядзення вучэнняў можа прывесці да пастаяннай прысутнасці, якая можа ўвесці ў краіну ядзерную зброю», – цытуе словы высокапастаўленага прадстаўніка Дзярждэпартамента амерыканскае выданне The Defense Post.

Выданне адзначае, што расейскія вайсковыя сілы накіраваліся ў Беларусь пасля таго, як у панядзелак Лукашэнка абвясціў, што дзве краіны правядуць ваенныя вучэнні ў наступным месяцы.

Гэты крок, які быў зроблены без папярэдняга паведамлення, які звычайна прадастаўляецца краінам рэгіёну, дадаў росту напружанасці з Захадам у сувязі з магчымым уварваннем Расеі ва Украіну, якая мяжуе з Беларуссю. Амерыканскі чыноўнік, каментуючы сітуацыю на падставе ананімнасці, заявіў, што колькасць расейскіх сіл, якія прыбываюць у Беларусь, «звыш таго, што мы чакалі ад звычайных вучэнняў». Чыноўнік заявіў, што змены ў Канстытуцыю Беларусі на рэферэндуме ў наступным месяцы могуць дазволіць расейскай ваеннай прысутнасці стаць пастаяннай. Прапанаваны праект канстытуцыйных зменаў можа сведчыць аб планах Беларусі дазволіць размясціць на сваёй тэрыторыі як звычайныя, так і ядзерныя сілы Расеі. Гэта будзе выклік для еўрапейскай бяспекі, які можа запатрабаваць адказу», – адзначае амерыканскае выданне.

***

У аўторак кіраўнік Знешнепалітычнага ведамства ФРГ Ганалена Бэрбак сустрэлася ў Маскве са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. «У нас няма іншага выбару, акрамя як адстойваць нашы агульныя правілы, нават калі гэта будзе мець высокую эканамічную цану», – такое папярэджанне ў адрас Масквы выказала Бэрбак, маючы на ўвазе рэакцыю Еўразвязу ў выпадку ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну. Каментатары задаюцца пытаннем, як павядзе сябе Нямеччына ў выпадку рэалізацыі горшага са сцэнараў.

«Берлін разыгрывае козыр трубаправоду, няхай і супраць сваёй волі», – лічыць аўстрыйская газета Wiener Zeitung.

«Пад ціскам партнёраў ФРГ будучыня газаправода «Паўночны струмень-2», па якім расейскі газ павінен паступаць у Нямеччыну, у каторы раз… аказалася пад пагрозай. Калі Пуцін пачне ўварванне, на гэтым ужо завершаным мільярдным праекце можна будзе паставіць крыж. Пуцін не жадае гэтага, а Берлін і тым больш. Пытанне толькі ў тым, ці ўтрымае гэта Пуціна ад наступу на Украіну, ці ж падштурхне Нямеччыну да занадта вялікіх саступак Маскве. Пуціну вядома, што большасць людзей на Захадзе маюць больш надзённыя праблемы, чым канфрантацыя з Расеяй, прычым не толькі ў іх, але і ў іх урадаў. Такая перакананасць можа прывесці да небяспечных пралікаў», – піша аўстрыйская выданне.

***

Прэм’ер-міністр Румыніі Мікалае Чукэ, які раней займаў пасады начальніка румынскага генеральнага штаба і міністра абароны, апынуўся ў цэнтры скандалу: ён падазраецца ў плагіяце пры напісанні доктарскай дысертацыі ў галіне ваеннай навукі. Сам Чукэ ў аўторак заявіў, што ў свой час пісаў працу згодна з дзейнымі тады правіламі, і прапанаваў камісіі па этыцы ўніверсітэта, у якім ён абараняўся, пераправерыць яго працу. Румынская прэса патрабуе не пакідаць справы без наступстваў і нагадвае пра іншыя падобныя выпадкі.

Румынскае выданне republica.ro указвае на тое, што гэтыя скандалы шмат кажуць пра сістэму, якая склалася ў краіне.

«Мала таго, што румынскія ўніверсітэты і так дыскрэдытаваныя дашчэнту, любое выкрыццё падобнага роду з’яўляецца ўдарам па сістэме ўлады, якая пачынае абараняцца ўсімі магчымымі спосабамі. У той жа самы час кожнае новае выкрыццё толькі пацвярджае, што гэтая заблытаная сетка, якая аб’ядноўвае ў сабе прадстаўнікоў улады, выбудавана на магчымасці кампрамату такім чынам, што кожны з іх знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад астатніх, і не здольны прымаць самастойныя рашэнні. Ніхто не можа падняцца ўверх у гіерархіі альбо быць зрушаным з месца, на які быў пасаджаны іншымі», – падкрэслівае румынскае выданне.

***

Пасля раптоўнай смерці Давіда Сасолі новым прэзідэнтам Еўрапарламента абрана ўраджэнка Мальты Рабэрта Мэцола: за кандыдатуру 43-гадовай прадстаўніцы кансерватыўнай Еўрапейскай народнай партыі прагаласавалі 458 дэлегатаў з 616, якія ўдзельнічалі ў галасаванні. Мэцола мае рэпутацыю змагара з карупцыяй і дыскрымінацыяй, а таксама перакананай супраціўніцай абортаў.

«Новая старшыня Еўрапарламента дакладна апісала асноўную праблему гэтага органу», – піша аўстрыйская газета Salzburger Nachrichten.

«У першым жа выступе Мэцолы прагучаў характэрны выраз: «Мы павінны зрабіць так, каб мыльная бурбалка Страсбурга і Брусэля лопнула». Толькі так, паводле яе слоў, можна наблізіць Еўропу да людзей. Парламент ЕЗ лічыць сваёй заслугай тое, што ён не проста зацвярджае ўрадавыя законапраекты. Тым не менш Еўрапарламент ніяк не можа пазбавіцца ад рэпутацыі папяровага тыгра. Кожны раз, калі ў барацьбе за свае правы ад яго чальцоў патрабуюцца ўпэўненасць у сабе і пачуццё сілы, вялікія фракцыі саступаюць ціску з еўрапейскіх сталіц. Калі Мэцоле атрымаецца пакласці гэтаму канец, то яна апынецца не толькі самай маладой, але і самай выбітнай постаццю на гэтай пасадзе», – адзначае аўстрыйскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.