Пра забытага ў Беларусі першадрукара



Польшча разам з Літвой ушаноўваюць памяць беларускага першадрукара Францыска Скарыны. У Беларусі, на афіцыйным узроўні, пра гэта – ні слова. 500 гадоў таму, 20 студзеня 1522 года, асветнік выдаў першую на тэрыторыі ВКЛ друкаваную кнігу – “Малую падарожную кнігу”. Аднак на сайце Полацкага раённага выканаўчага камітэта напярэдадні віншавалі з Днём выратавальніка. Такое адчуванне, што ў Полацку кожныя 10 год нараджаюцца асобы кшалту Францыска Скарыны, што пра яго можна не ўзгадваць. Ах, падумаеш, нейкі Скарына. Падумаеш, у нас друкаваныя кнігі раней з’явіліся, чым у нашых усходніх суседзяў. Для Полацкага выканаўчага камітэта Францыск Скарына – гэта, відаць, не аўтарытэт.

На сайце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, названага ў гонар першадрукара, напярэдадні ўзгадалі ўсё, што толькі можна (нават пра чэмпіянат па спартыўный барацьбе), але не пачатак кнігадрукавання на тэрыторыі ВКЛ. Такое адчуванне, што ГДУ імя Спартыўнай Барацьбы, а не Францыска Скарыны. На сайце галоўнай бібліятэкі краіны – таксама ні слова пра 500-годдзе выйсця першай друкаванай кнігі на нашай тэрыторыі. Забыліся дзяржаўныя структуры на першадрукара. Ніякіх табе агульнарэспубліканскіх конкурсаў, ніякіх чытанняў, ніякіх анонсаў нейкіх маштабных мерапрыемстваў. Стагоддзе рэвалюцыі і тое больш заўважным было, хоць Кастрычніцкая рэвалюцыя для Беларусі нічога добрага не прынесла. А вось пра Францыска Скарыну ўзгадаюць ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Італіі, але не на афіцыйным узроўні ў Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ