Бажэна Жолудзь пра дзейнасць „Беларускага Дома ва Украіне”
Гэты тыдзень для беларускай дыяспары ва Украіне пачаўся адметна. Праз паўтара года спробаў наладжвання кантактаў са штабам Святланы Ціханоўскай сувязь, нарэшце, атрымалася – бакі правялі анлайн-сустрэчу. Да званку былі падключаныя амаль 30 чалавек. Сярод іх – Святлана Ціханоўская, Франак Вячорка, Валерый Кавалеўскі, Аляксандр Дабравольскі і Аляксандра Логвінава, а таксама беларускія актывісты, валанцёры і журналісты Кіева, Адэсы і Львова.
Пра вынікі сустрэчы і не толькі наш карэспандэнт Марына Савіцкая і паразмаўляла з удзельніцай званку, кіраўніцай „Беларускага Дома ва Украіне” Бажэнай Жолудзь:
– ZOOM быў толькі пачаткам нашай сумеснай працы са штабам Ціханоўскай, прынамсі я на гэта спадзяюся. Вялікіх спадзяванняў мы не ўскладалі, хацелі паглядзець адзін на аднаго, пазнаёміцца, даць зразумець, якія ў нас праблемы. Нейкага рашэння маментальнага мы не чакалі, але ў прынцыпе хаця б было бачна, што людзі зацікаўлены і мы былі гэтаму радыя.
РР: Вас было даволі шмат, ажно 30-ць. Наколькі актыўныя былі гэтыя ўдзельнікі?
– Складана сказаць, бо часу на такую колькасць людзей у якіх хаця б па аднаму пытанню будзе, а ў нас іх было не па аднаму, катастрафічна мала. Многія з тых, хто былі, не паспелі нават задаць пытанні. Сам ZOOM праходзіў у наступным фармаце, абазначалася нейкая тэма, а людзі ў якіх былі пытанні па гэтай тэме задавалі пытанне. Калі ў кагосьці, напрыклад, тое ж пытанне пра санкцыі, а мы размаўлялі пра легалізацыю ва Украіне, то зразумела, што гэта недарэчнае пытанне, а да гэтага пытанне мы магчыма не дайшлі. Мы стараліся максімальна, але на жаль на чалавека было па адным пытанні, каб можна было пачуць максімальную колькасць людзей, якія хочуць паразмаўляць, а не адзін чалавек увесь час задаваў бы пытанні. Штаб паабяцаў нам знайсці нейкі момант каардынацыю паміж сабой, момант размовы, каб гэта не быў гадзінны ZOOM, каб мы маглі ў вольнай форме абмеркаваць пытанні, што мы можам зрабіць з нашага боку і з іх боку.
РР: Адказы на якія пытанні цябе ўразілі больш за іншыя?
– Не магу сказаць, што мяне штосьці здзівіла ці расстроіла ў прынцыпе. Не было канкрэтнага вырашэння пытання, гэта было абмеркаванне. Напрыклад, задавалася пытанне і мы абмяркоўвалі, што мы можам зрабіць, як бачыць гэта Святлана Ціханоўская і яе штаб, магчыма мы чагосьці не бачым, або штабу падаецца, што мы штосьці не так штосьці робім. Мы намагаліся неяк прыйсці да таго, што мы можам зрабіць у прынцыпе. Напісаць нейкі зварот, нейкі запыт, падняць медыйнае пытанне нейкае, можа б гэта дапамагло. Зайсці з іншага боку, са штабу, не праз саму Святлану Ціханоўскую, напрыклад, а праз Еўразвяз з нейкім пытанне па Украіне.
Тым не менш бакі спадзяюцца, што змогуць вырашыць усе пытанні падчас наступных сустрэч.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя