Артур Міхальскі: Францыск Скарына – выдатная асоба, якая нас аб’ядноўвае



Імша за Скарыну. У розных гарадах Еўропы, ад Вільні да Падуі, сёння, 20 студзеня, пройдуць набажэнствы ў гонар першадрукара і асветніка з Полацку Францыска Скарыны. Падчас імшы ў Варшаве будзе гучаць беларуская мова і беларуская музыка. Такія дэталі раскрыў польскі амбасадар у Беларусі Артур Міхальскі, з якім пагутырыў Стась Дадэрка.

РР: Ці ўпершыню ў Варшаве здарыцца такая падзея, як экуменічная імша ў гонар першадрукара Францыска Скарыны? Ці было штосьці падобнае раней?

Артур Міхальскі: Наколькі я ведаў, у апошні час гэта ўпершыню. Гэта будзе святая імша, экуменічная. Атрымалі запрашэнне прадстаўнікі іншых касцёлаў. І яны будуць разам з намі. Гэта літоўская ініцыятыва, паколькі гэты год юбілейны – 500 год як у Вільні першадрукар Вялікага Княства Літоўскага надрукаваў першую кнігу ў сваёй друкарні. Таму літоўскі Парламент гэты год зрабіў годам Францыска Скарыны і прапанаваў, каб у пачатку гэтага году адбыліся імшы ў месцах, якія былі важныя ў жыцці Францыска Скарыны – Чэхія, Літва, Польшча і, канешне, Беларусь. Будуць набажэнствы ў Вільні, Варшаве, Празе, Падуі і таксама ў Беларусі. Мы рады, што гэта будзе ў Кафэдральным саборы Святога Яна ў Варшаве. І спадзяемся мы будзем разам – і палякі, якія блізка працуюць разам з беларусамі, сябруюць з беларусамі, але самае важнае, што будуць нашыя беларускія браты і сёстры. Мы будзем разам. Гэта вельмі важна.

РР: Вельмі ўдзячны вам за твіт, дзе вы змясцілі запрашэнне па-беларуску на гэтую імшу. А ўвогуле постаць Францыска Скарыны – яна вядомая шараговаму паляку. У Беларусі гэта культ яшчэ з савецкіх часоў. Яго сапраўды ўшаноўваюць, называюць вуліцы, помнікі яму стаяць. А наколькі гэта вядомая фігура для Польшчы?

Артур Міхальскі: Канешне, у Польшчы намнога менш людзей ведаюць Скарыну, чым у Беларусі. Але ведаюць, паколькі ён быў увогуле чалавекам Еўропы. Ён з Полацку і пра яго ўсе ведаюць у Беларусі. У нас ёсць, наколькі я ведаю, у Ягелонскім універсітэце, дзе ён вучыўся, памятная дошка яму.

Гэта важная падзея, якая будзе нагадваць па Скарыну не толькі беларусам, якія жывуць у Польшчы, але таксама і палякам. Гэта выдатная асоба, вельмі важная, у якой ёсць патэнцыял, каб усіх нас аб’ядноўваць, не толькі палякаў і беларусаў.

Цалкам размова:

Экуменічная імша памяці Францыска Скарыны ў катэдры святога Яна ў Варшаве пачнецца сёння а 19-00. Чакаецца ўдзел беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы, прадстаўнікоў беларускай меншасці, польскіх устаноў і арганізацый, якія займаюцца аказаннем дапамогі Беларусі.

Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя