Якім вытворцам адзення аддаюць перевагу беларусы?



На нядаўнім пасяджэнні ва ўрадзе прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў паведаміў, што па стане на 1 сакавіка складскія запасы прадпрыемстваў Беллегпрама практычна ў чатыры разы перавышаюць тое, што вырабляецца за месяц. Якому вытворцу адзення аддаюць перавагу беларусы, журналісты запыталі на вуліцах Менска.

– У замежных вытворцаў – у іх эксклюзіўнае адзенне, вельмі цікавае, у нас вельмі мала адзення цікавага, павінна быць разнастайнасць.

– Апошнім часам у Беларускім доме моды. Яны прытрымліваюцца моды, мне як дзяўчыне падабаюцца і спадніцы, і паліто. Звычайна іх адзенне добрай якасці.

– Часам заходзіш у краму, тавару шмат, але купіць няма чаго.

– Купляю пераважна замежнае адзенне. Мне здаецца, там лепш. І больш якаснае.

– У беларускіх вытворцаў. У краму зайшла і купіла што трэба.

– Танней раней было на рынку, але якасць бярэ сваё.

– Я ў замежных. У беларускіх вытворцаў менш фарбаў, колераў.

– Для мяне важная якасць і кошт. Таму не істотна, хто вытворца.

– Гледзячы што. Джынсы беларукія – не. Кашулю – можна беларускую. Куртку беларускую – не. Ніжняя бялізна, шкарпэткі – канешне, беларускае, таму што добрая якасць.

– Калі добрае беларускае адзенне – то чаму б не насіць беларускае. Прадукуем добрае, але ніхто пра гэта не ведае. Не ўсё кепскае беларускае, шмат чаго і добрага. Таму трэба быць крыху патрыётамі.

Індывідуальныя прадпрымальнікі павінны ці знайсці нармальных пастаўшчыкоў у Расіі, што праблематычна, ці звярнуць увагу на беларускую прадукцыю Легпрама. Такое меркаванне выказаў ў Менску на пасяджэнні круглага стала па пытанні ўзаемадзеяння канцэрна „Беллегпрам” з індывідуальнымі прадпрымальнікамі старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.

Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.