Святлана Ціханоўская: Мы ствараем аператыўны штаб дэмакратычных сілаў
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў прадстаўляюць стратэгію і план дзеянняў падчас абвешчанага Лукашэнкам рэферэндуму. Канферэнцыя, якая праходзіла ў Вільні, мела назву «„Рэферэндум“, да якога мы гатовыя».
«Беларусы жадаюць новых сумленных выбараў», — сказала на пачатку прэс-канферэнцыі Святлана Ціханоўская. Яна падкрэсліла, што яе каманда была гатовая да такога сцэнару.
– Учора мы ўжо накіравалі лісты ад імя офіса Каардынацыйнай Рады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ўсім міжнародным партнёрам. Мы заклікаем не прызнаваць так званы рэферэндум, а таксама падтрымаць беларусаў у вызваленні ўсіх палітвязняў і правядзення новых выбараў. А таксама ўзмацніць ціск на рэжым на выпадак працягу рэпрэсій. На перыяд кампаніі мы ствараем аператыўны штаб дэмакратычных сілаў. Гэта каардынацыйны цэнтр, які пачынае працу сёння. У гэтым аператыўным штабе ёсць і палітычныя структуры і грамадзянскія ініцыятывы.
Ціханоўская таксама заклікала беларусаў прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэнь несапраўдным, перакрэсліваючы ўсе прапанаваныя варыянты. І пацвярджаць свае дзеянні на платформе «Голас». Гэта, па яе словах, дазволіць паказаць рэальную сітуацыю на кожным участку ў кожным горадзе.
Беларускае Радыё Рацыя