Беларускія храмы – у малюнках з-за кратаў



Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, палітвязень Павел Севярынец у сваіх лістах са Шклоўскай калоніі дасылае родным малюнкі беларускіх святыняў – найпрыгажэйшых праваслаўных і каталіцкіх храмаў. Пачалася гэтая завядзёнка з лістоў да маленькага сына Францішака, а потым малюнкі з-за кратаў сталі цэлай серыяй мастацкіх паштовак пад назовам “Беларусь – гэта святое”.

Першы набор з 10-ці такіх паштовак ужо можна набыць у беларускай хрысціянскай інтэрнэт-краме Kroplia.by, а тым часам малюнкаў назбіралася ўжо і на наступнае выданне, распавяла  жонка палітвязня Вольга Севярынец:

-Нечакана прыйшла ў галаву ідэя: а давайце зробім паштоўкі. Змясцілі туды цытаты з Паўлавых лістоў з-за кратаў і ягоныя храмы туды змясцілі. Аказалася, што гэтыя малюнкі не толькі сыну застануцца на ўсё жыццё на памяць, але і людзі разумеюць каштоўнасць гэтых паштовак – што гэта не проста паштоўкі з храмамі, а паштоўкі з-за кратаў. І людзі бачаць, што стаіць за гэтымі паштоўкамі.

Жонка дасылае Паўлу Севярынцу каляровыя алоўкі і асадкі з чорным стрыжнем. Менавіта ў такой тэхніцы намаляваны храмы – помнікі беларускай архітэктуры.

Маляваць іх даводзіцца стоячы, бо ўдзень вязням калоніі сядзець на нарах забаронена. І часу на маляванне выпадае вельмі мала, кажа Вольга Севярынец: нават адказы на лісты з волі ў Паўла распланаваныя на два месяцы наперад. Праз гэта ён дужа перажывае – што не мае магчымасці хутка адказваць усім, хто яму піша. Да ўсяго , Павел Севярынец працягвае і пісьменніцкую дзейнасць  – працуе над трыма новымі кнігамі. 

За кратамі  палітык і літаратар знаходзіцца з чэрвеня 2020 года, летась у траўні ён быў асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму “за арганізацыю масавых беспарадкаў”. Падтрымаць Паўла Севярынца сваімі лістамі можна, напісаўшы яму на адрас: 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8. ПК17, атрад №17, Севярынцу Паўлу Канстанцінавічу.

Беларускае Радыё Рацыя