Таццяна Севярынец: Ці ёсць у Беларусі такі чалавек, у каго ніхто б не „сядзеў”



Ціск на грамадскіх актывістаў і простых людзей, якія трапілі пад “каток” судовых рэпрэсій, спарадзіў небывалую хвалю беларускай салідарнасці, лічыць віцебская актывістка Таццяна Севярынец. Прыкладам, у Віцебску не толькі падтрымліваюць у судах сваіх сяброў і блізкіх, якіх затрымалі па палітычных прычынах, але і супольна ладзяць перадачы за краты для абсалютна не знаёмых людзей. Адна з іх – 68-гадовая пенсіянерка

 Эма Сцепулёнак, былая настаўніца з Мёраў, якую  вінавацяць адразу па двух  крымінальных артыкулах – за абразу прадстаўніка ўлады і за распальванне сацыяльнай варожасці. Жанчына не мае ўласнай сям’і, і таму перадачы збіраюць для яе такія самыя пенсіянеры з Віцебску, кажа Таццяна Севярынец:

-Звычайныя людзі, якія жывуць на пенсію, са сваёй пенсіі “адшчыкваюць” нейкія капейкі, каб дапамагчы таму, каму яшчэ горш. Хто што набудзе, а мы ўжо ведаем, што трэьба набываць. У нас шмат знаёмых “сядзяць”, мой сын “сядзіць”. Увогуле я не ведаю, ці знойдзецца ў Беларусі хоць адзін чалавек, які скажа, што ў яго няма знаёмых, якія “сядзяць”.

Перадачы для Эмы Сцепулёнак збіраюць таксама яе калегі і былыя вучні, якіх былая настаўніца найвышэйшай катэгорыі некалі вучыла роднай мове. Сваякоў у Беларусі ў яе не засталося: з родных яна мае толькі хворую сястру і пляменнікаў, якія  даўно жывуць у Расеі. Яна сама на ўжо амаль 4 месяцы за кратамі: яе затрымалі 29 верасня мінулага году за каментар у інтэрнэце пасля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зэльцара.  

Беларускае Радыё Рацыя