Уладальнікі крамы беларускай сімволікі распавялі падрабязнасці яе закрыцця



У Гародні, на вуліцы Кірава 3, была крама „Адметнасць”. Адчынілася ў 2018 годзе, там можна было набыць адзенне, сувеніры, рэчы для дому, усё з беларускай сімволікай. Чаму была, чаму ў мінулым часе?

Сяргей і Вольга Верамеенкі.

Тлумачаць гаспадары „Адметнасці” Сяргей і Вольга Верамеенкі.

РР : Крамы ўжо няма, а вы за мяжой. Як гэта адбылося?

– Як Вы сказалі, часы змяніліся. Але я думаю, што гэта не ў мінулым. Думаю, што гэта будзе і ў будучыні. Я заўсёды называў нашую краму, падобна як Радыё Рацыя кажа, – «тут жыве Беларусь», мы казалі: крама «Адметнасць» гэта крама, дзе жыве Беларусь. Так насамрэч яно і было, бо гэта быў не проста гандлёвы бізнэс. Гэта было месца, дзе збіраліся людзі розных інтарэсаў, дзе збіраліся Беларусы, якія ладзілі свае ініцыятывы і праграммы. Напрыклад адна з ініцыятыў была «Каліноўскі 2019», калі наша группа гарадзенцаў выступіла з прапановай ехаць на перапахаванне. Там нашая кампанія збіралася для таго, каб потым ездзіць усталёўваць крыжы і помнікі паўстанцам, і гэтак далей. Была гэта і валанцёрская пляцоўка. Як толькі пачаўся ковід, а дзяржава нічога не рабіла, то ў тым ліку і наша крама вельмі актыўна далучылася для таго, каб рыхтаваць усе неабходныя рэчы для нашых медыкаў, каб яны былі забяспечаныя.

РР: Вольга, а Вы раней працавалі выкладчыкам у каледжы аграэканамічных дысцыплін? Адкуль узялася такая ідэя, каб змяніць занятак?

– Так атрымалася, што ў 2013 годзе я звольнілася з працы. Умовы пагоршыліся, і таму я вырашыла не падоўжваць кантракт. На той час я жыла ў Воршы. У 2014 годзе я прыйшла ў патрыю БХД, занялася актывізмам, трохі палітыкай, і мы пазнаёміліся з Сяржуком, я жыла ў Воршы, ён у Гародні. Мы пабраліся шлюбам, і апошнія 6 год, з 15 года я жыву ў Гародні. Так атрымалася, што думкі наконт такой крамы ў нас супалі. Ён марыў пра гэта ўсё сваё жыццё, а я яго падтрымала. Я канешне ўсё жыццё пра гэта не марыла, але гэта вельмі файная ідэя, яна мне спадабалася. Крыху з гандлем я была звязаная ў мінулым жыцці, у свой час я працавала нейкі час загадчыцай крамы, дзе прадавалі гародніну-садавіну. Гэтая ідэя мне вельмі спадабалася яшчэ і таму, што мы маглі там прадаваць не толькі тое, што робіцца на фабрыках, а таксама тое, што робяць нашыя рамеснікі. Я сама рамесніца, таму мы маглі прадаваць і мае вырабы. Але мы не толькі прадавалі, мы дапамагалі людзям, якія працюць у напрамку беларускай сімволікі.

РР: Ці Вашая грамадзянская пазіцыя мела ўплаў на тое, што ў вашай краме пачаліся кантролі, ператрусы, праверкі?

– Сантэхнікі і фінансавыя службы гэта не самае страшнае, што да нас прыходзіла. Звычайна, калі яны прыходзілі, ўсё кончылася тым, што ў нас ўсё было проста ўзорна, усё адпавядала ўсяму. Самае страшнае пачалося пазней. Было зразумела, што людзі з такой грамадскай і палітычнай пазіцыямі нажаль у тых рэаліях, якія абвастрыліся ў 2020 годзе, не змогуць далей працаваць.

РР: Калі вы пачыналі краму, рэаліі былі крыху іншыя, больш мяккія?

– Так, хаця і да гэтага я атрымліваў штрафы, і сядзеў «на сутках». Але ў тыя часы Лукашэнку было выгодна страшыць Пуціна гэтымі «нацыяналістамі», кожны выконваў сваю працу. Лукашэнка паказваў, якія страшныя гэтыя «нацыяналісты», мы таксама займаліся сваёй справай – папулярызавалі беларушчыну.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя