З 2024 гады Lamborghini адмовіцца ад бензінавых аўтамабіляў
Італьянскі аўтаканцэрн Lamborghini ужо ў наступным годзе перастане вырабляць толькі аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання. Пра гэта ў інтэрв’ю Bloomberg распавёў кіраўнік кампаніі Стэфан Вінкельман.
Ён пацвердзіў, што ў 2023 годзе Lamborghini прэзентуе свой першы гібрыд. Ездзіць такі аўтамабіль будзе не толькі на традыцыйным паліве, але і на электрычнасці. Прычым зараджаць яго можна як падчас руху, так і ад сеціва.
Ужо ў 2024 годзе вытворца плануе электрыфікаваць увесь свой мадэльны шэраг, а пасля 2025-га – прадставіць паўнавартасны электракар.
У траўні мінулага года легендарны аўтабрэнд анансаваў, што пяройдзе на выпуск толькі гібрыдных машын і электрамабіляў да канца 2024 года. Кампанія таксама заяўляла, што з 2025 года жадае на 50% зменшыць свае выкіды СО2.
Lamborghini яшчэ працуе над канчатковым дызайнам свайго першага электрокара. Кампанія мае намер укласці €1,5 млрд у працэдуру адмовы ад бензінавых аўтамабіляў.
Італьянскі брэнд Lamborghini на рынку з 1963 года. Цяпер кампанія належыць Volkswagen Group, у яе мадэльны шэраг уваходзяць выключна бензінавыя аўтамабілі.