Арына Сабаленка не выйшла ў 1/4 фіналу адкрытага чэмпіянату Аўстраліі



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал Australian Open. У 1/8 фіналу другая ракетка свету саступіла ў трохсэтавым паядынку эстонскай тэнісістцы Кае Канэпі – 7:5, 2:6, 6:7. У гульні за трапленне ў паўфінал суперніцай эстонкі будзе полька Іга Свёнтэк. Ва ўсіх папярэдніх сустрэчах цяперашняга турніру Арына Сабаленка саступала ў першых сэтах, а потым дамагалася перамог. У 1/64 фіналу яна адолела аўстралійскую тэнісістку Сторм Сандэрс, у другім раўндзе – кітаянку Ван Сіньюй, а ў 1/16 фіналу перайграла чэшскую тэнісістку Маркету Вандраўшаву. Раней двухразовая пераможца Australian Open беларуска Вікторыя Азаранка не здолела прабіцца ў чвэрцьфінал, саступіўшы ў 1/8 фіналу чэшцы Барбары Крэйчыкавай.

Хакеіст Андрэй Касціцын працягне кар’еру ў чэмпіянаце Нарвегіі

Беларускі хакеіст Андрэй Касціцын працягне кар’еру ў чэмпіянаце Нарвегіі, паведамляе сайт Федэрацыі хакея Беларусі. 36-гадовы нападнік будзе выступаць за хакейны клуб „Манглеруд Стар”. На дадзены момант калектыў з Осла ідзе ў нарвежскай лізе на апошнім дзясятым месцы, набраўшы 10 ачкоў у 29 матчах сезона. Старшыня праўлення „Манглеруда” Уве Сундэліус выказаў надзею, што беларус пачне трэніроўкі ў бліжэйшы час. Апошнім клубам Андрэя Касціцына быў чэшскі „Пардубіцэ”, за 20 гульняў у складзе якога ён вызначыўся 15 баламі.

Гегам Кадзімян вярнуўся ў гарадзенскі „Нёман”

Армянскі хаўбек Гегам Кадзімян падпісаў кантракт з гарадзенскім „Нёманам”. Пагадненне разлічана на адзін год, паведамляе прэс-служба клуба. Кадзімян абараняў колеры „Нёмана” ў сезоне-2020, згуляў 30 матчаў (29 у чэмпіянаце і 1 у кубку), у якіх забіў 12 мячоў і аддаў 6 галявых перадач. Па заканчэнні сезона быў прызнаны лепшым гульцом каманды, а таксама названы аўтарам лепшага гола ў выкананні асноўнай каманды ў 2020 годзе. Мінулы сезон футбаліст правёў у казахстанскім „Кайсары”. Пасля заканчэння турніру яго каманда заняла перадапошняе, 13-е месца і пакінула лігу. Кадзімян прыняў удзел у 22 матчах турніру і правёў на полі ўсяго 582 хвіліны.

Яўген Яблонскі перайшоў у „Арыс”

26-гадовы паўабаронца зборнай Беларусі Яўген Яблонскі, які расстаўся раней з БАТЭ, падпісаў кантракт з кіпрскім „Арысам”. Пагадненне з кіпрыётамі разлічана на 2,5 гады, паведамляе Football.by.

Нагадаю, што хаўбек выступаў за БАТЭ з 2014 года. У складзе шматразовага чэмпіёна Беларусі Яўген правёў 259 афіцыйных матчаў, забіў 14 галоў і аддаў 13 перадач. Што да новага клуба, у якім ён працягне кар’еру, то пасля 16-ці тураў „Арыс” набраў 33 ачкі і лідыруе ў турнірнай табліцы чэмпіянату Кіпра.

Зборная Гамбіі па футболе выйшла ў чвэрцьфінал Кубка Афрыканскіх нацый

Зборная Гамбіі выйшла ў чвэрцьфінал Кубка Афрыканскіх нацый па футболе, які праходзіць у Камеруне. На стадыі 1/8 фіналу гамбійцы апынуліся мацнейшымі за футбалістаў з Гвінеі – 1:0. Адзіны мяч у сярэдзіне другога тайма забіў нападнік „скарпіёнаў” Муса Бароу. Форвард Дэмба Дарба, які выступае ў чэмпіянаце Беларусі за салігорскі „Шахцёр”, на полі не з’явіўся. Зборная Гамбіі згуляе ў чвэрцьфінале Кубка Афрыканскіх нацый упершыню ў сваёй гісторыі.

Зборныя Італіі і Славеніі разышліся мірам у матчы чэмпіянату Еўропы

Зборныя Італіі і Славеніі згулялі ўнічыю 2:2 ў матчы другога тура групавога этапа чэмпіянату Еўропы па міні-футболе. У складзе італьянцаў вызначыліся Дуглас Нікаладзі і Алекс Мерлім, які пазней забіў ва ўласную браму. У славенцаў забіў Нейц Хазян. Абедзве дружыны набралі па два ачкі і дзеляць першае-другое месцы ў групе В.

Гандбалісты Даніі абыгралі каманду Нідэрландаў у матчы групавога турніру

Зборная Даніі выйграла ў каманды Нідэрландаў 35:23 у матчы групавога турніру чэмпіянату Еўропы сярод мужчынскіх каманд. Турнір гэтымі днямі праходзіць у Славакіі і Венгрыі.

Зборная Харватыі на апошняй хвіліне вырвала перамогу ў матчы з ісландцамі 23:22.

Беларускае Радыё Рацыя