Украіна аварыйна закупляе электрычнасць у Беларусі
Праз аварыйную сітуацыю на Хмяльніцкай АЭС Украіна 25 студзеня аднавіла закупкі электраэнергіі ў Беларусі, паведамляе officelife.media. Мінэнерга Беларусі ўдакладняе, што пастаўкі электраэнергіі вядуцца ў рамках двухбаковай дамовы аб аказанні аварыйнай дапамогі.
Перацёкі энергіі пайшлі ва Украіну ў 11 гадзін і працягнуцца да 18 гадзін. Максімальная магутнасць, на якую можа разлічваць Украіна, – гэта 150 МВт.
Раней паведамлялася, што 25 студзеня пасля спрацоўвання ахоўнай сістэмы адключаны першы энергаблок Хмяльніцкай атамнай электрастанцыі.
21 студзеня Украіна анансавала завяршальны этап адлучэння ад энергасістэм Расеі і Беларусі на карысць інтэграцыі ў еўрапейскую энергасістэму ў 2023 годзе.
Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка заяўляў, што ў краіне дастаткова запасаў вугалю, каб прайсці „ізаляваны рэжым” на працягу 5 дзён.
Па дадзеных «Укрэнерга», Украіна імпартавала з Беларусі ў 2021 годзе 1,1855 млрд квт⋅г электраэнергіі. Гэта склала 70 працэнтаў усяго імпарту.