Беларуская гарналыжніца Марыя Шканава выйграла турнір у Італіі



Беларуская гарналыжніца Марыя Шканава перамагла на міжнародным турніры серыі FIS у Італіі. Прадстаўніцы Беларусі не было роўных у спаборніцтвах па слаламе, у якіх бралі ўдзел 65 спартоўцаў з 25 краін. Акрамя таго, Марыя Шканава заняла другое месца ў слаламе ў адкрытым чэмпіянаце Латвіі, які таксама праходзіць у гарах Італіі. Марыя Шканава стане адзінай беларускай гарналыжніцай на XXIV зімовай Алімпіядзе ў Пекіне. Для 32-гадовай спартоўкі гэта будзе ўжо чацвёртая Алімпіяда ў кар’еры. Гульні ў кітайскай сталіцы пройдуць з 4 да 20 лютага. Беларусь прадставяць 29 атлетаў, якія будуць змагацца за ўзнагароды ў шасці відах спорту.

19 хакеістаў менскага „Дынама” выведзеныя са спісу траўмаваных

Са спісу траўмаваных выведзеныя 19 хакеістаў клуба „Дынама-Менск”. Пра гэта прэс-служба каманды паведаміла ў акаўнце ў Твітары. Цяпер у спісе траўмаваных застаюцца абаронца Дзмітрый Дзярабін і нападнік Марыё Кемпе. Раней у 20 хакеістаў „Дынама” былі станоўчыя тэсты на каронавірус, таму іх уключылі ў спіс траўмаваных і адправілі на самаізаляцыю.

Шыкаўка падпісаў кантракт з польскай „Кароной”

Беларускі нападнік Яўген Шыкаўка падпісаў кантракт з клубам „Карона” Кельцэ з другога дывізіёна чэмпіяната Польшчы. Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба. Папярэдняй камандай Шыкаўкі быў карагандзінскі „Шахцёр”. У 2021 годзе ён згуляў у 5 матчах за „гарнякоў”, у якіх забіў 1 гол. „Карона” у гэтым сезоне займае 3-е месца ў польскім Д2, маючы ў актыве 39 ачкоў пасля 20 матчаў. Дарэчы Яўген Шыкаўка забіў пераможны мяч у першым жа спарынгу ў складзе „Кароны”. Выйшаўшы на замену ў другім тайме ён забіў адзіны мяч на 82-й хвіліне гульні з клубам «Скра» з  Чэнстаховы.

Зборная Егіпта выйшла ў 1/4 фіналу Кубка Афрыкі.

Зборная Егіпта ў серыі пенальці абыграла каманду Кот-д’Івуара ў матчы 1/8 фіналу Кубка Афрыкі – 0:0, пен. – 5:4.
Вырашальны пенальці рэалізаваў Махамед Салах. У 1/4 фіналу егіпцяне будуць змагацца са зборнай Марока.

Зборная Грузіі выйшла ў чвэрцьфінал ЧЕ па міні-футболе

Зборная Грузіі па міні-футболе прабілася ў чвэрцьфінальную стадыю на сваім дэбютным чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць у Нідэрландах.

У паядынку 2-га тура папярэдняй групы D грузіны святкавалі валявую перамогу над камандай Босніі і Герцагавіны з лікам 2:1. У першым матчы зборная Грузіі сенсацыйна абыграла азербайджанцаў – 3:2. Пазней адны з галоўных фаварытаў турніру іспанцы будуць супернічаць са зборнай Азербайджана.

Французы сталі апошнімі паўфіналістамі ЧЕ па гандболе

Зборная Францыі стала апошнім удзельнікам паўфінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у Венгрыі і Славакіі.

У Будапешце ў заключным паядынку 1-й групы французы адолелі каманду Даніі, якая датэрмінова забяспечыла сабе выхад у паўфінал, з мінімальнай перавагай – 30:29. Зборная Ісландыі, якая таксама да апошняга тура прэтэндавала на трапленне ў квартэт наймацнейшых каманд Старога Свету, разграміла чарнагорцаў з розніцай у дзесяць мячоў – 34:24. Гандбалісты Нідэрландаў згулялі ўнічыю з харватамі – 28:28. Такім чынам, у паўфіналах 28 студзеня дзейныя чэмпіёны кантынента гандбалісты Іспаніі згуляюць з датчанамі, а французы будуць супернічаць са шведамі.

Беларускае Радыё Рацыя